Калас заявіла, што пасольства ЗША выехала з Кіева
МЗС Украіны і пасольства ЗША абвярглі інфармацыю.
Кая Калас. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Кая Калас сёння заявіла, што амерыканскае пасольства пакінула Кіеў, у той час як еўрапейскія дыппрадстаўніцтвы застануцца ў сталіцы Украіны.
«Учора мы даведаліся, што ўсе амбасады, акрамя адной, засталіся ва Украіне. Так што гэта таксама патрабуе мужнасці ад супрацоўнікаў амбасад. Але так, усе еўрапейцы засталіся. Амерыка сышла», — сказала яна па прыбыцці на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў МЗС ЕС на Кіпры.
Пазней на яе словы адрэагавалі ва ўкраінскім МЗС. Прэс-сакратар ведамства Георгій Ціхі паведаміў журналістам, што інфармацыя пра выезд амбасады ЗША з Кіева не адпавядае рэчаіснасці.
Дарадца прэзідэнта Украіны па камунікацыях Дзмітрый Літвін назваў сітуацыю «дзіўнай», бо Украіна не павінна інтэрпрэтаваць словы кіраўніцы дыпламатыі ЕС пра ЗША. Ён выказаў меркаванне, што магчыма, мелася інфармацыя пра ад'езд перад ударам Расіі па Кіеве ў ноч на нядзелю.
«Мы чулі, што амерыканскія дыпламаты з Кіева тады з’ехалі (перад ударам у ноч на нядзелю). У любым выпадку Украіна ўдзячная ўсім амбасадам, якія працуюць у Кіеве», — адзначыў Літвін.
Пазней Пасольства ЗША абвергла інфармацыю пра выезд, заявіўшы, што працуе ў Кіеве ў ранейшым рэжыме.