Ва Украіне скандал праз прызначэнне кіраўніцай пратакола міністра «20-гадовай» дзяўчыны. А што насамрэч?
Навіна пра тое, што «20-гадовую» Ганну Дораш прызначылі кіраўніцай пратакола міністра аховы здароўя Украіны, за лічаныя гадзіны разляцелася па сеціве. СМІ і шматлікія каментатары абураліся: як маладая дзяўчына, якая, імаверна, не паспела атрымаць вышэйшую адукацыю, атрымала такую пасаду.
Ганна Дораш. Фота: сацыяльныя сеткі
Мала хто мог падумаць, што звычайнае кадравае рашэнне ў Міністэрстве аховы здароўя Украіны абернецца гучным скандалам. Хвалю абурэння выклікала прызначэнне на пасаду кіраўніцы пратакола міністра Віктара Ляшко маладой чыноўніцы Ганны Дораш. На гэтай пасадзе яна адказвае за фарміраванне і падпісанне даручэнняў міністра, а таксама за кантроль за тэрмінамі і якасцю іх выканання.
Сама Дораш яшчэ 10 мая апублікавала на сваёй старонцы ў інстаграме паведамленне аб прызначэнні.
Аднак толькі праз некалькі тыдняў на гэта звярнула ўвагу грамадскасць. Так, 26 мая тэлеграм-канал Bankova Mail напісаў, што ў сеціве заўважылі дзіўнае кадравае рашэнне Віктара Ляшко: маўляў, яго пратакол узначаліла 20‑гадовая Ганна Дораш.
Паведамлялася, што раней яна працавала асістэнткай намесніцы міністра юстыцыі, а таксама была эксперткай па еўрапейскай інтэграцыі і стратэгічных камунікацыях у сакратарыяце Кабінета міністраў, дзе займала пасаду галоўнай спецыялісткі ў групе па пытаннях «Зялёнага курсу» і экалогіі.
Пасля гэтага тэма разляцелася ў сацсетках і медыя. Частка каментатараў паставіла пад сумнеў адпаведнасць Дораш пасадзе.
Адзін з пастоў сацсетак. Крыніца: tsn.ua
Аднак, як сцвярджае выданне Oboz.ua, журналістам якога ўдалося звязацца з гераіняй, насамрэч Ганне 25 гадоў. Яна магістр паліталогіі і мае досвед працы ва ўрадзе.
Яе калегі распавялі, што Дораш пачала кар’еру з пасады галоўнай спецыялісткі аднаго з дэпартаментаў Чарнавіцкага гарсавета, а пазней працавала ў Сакратарыяце ўрада. Дзяўчына цалкам адпавядае патрабаванням да кандыдата на пасаду кіраўніка пратакола міністра: мае трохгадовы вопыт дзяржаўнай службы і скончаную вышэйшую адукацыю.
Заўважым, што цяпер інфармацыя пра год нараджэння і адукацыю Ганны даступная кожнаму на яе старонцы ў фэйсбуку. З яе вынікае, што дзяўчына ў 2018 годзе скончыла філасофска-прававы ліцэй у Чарнаўцах, а ў 2022‑м атрымала дыплом бакалаўра і ў 2024‑м — магістра Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэта.
Сваю працоўную кар’еру Ганна пачала яшчэ студэнткай у якасці журналісткі выдання «Суспільне Чернівці». Пасля атрымання вышэйшай адукацыі кароткі час працавала ў Чарнавіцкай абласной, а пасля перапынку — у гарадской радзе. Паралельна Ганна была менеджарам у грамадскіх арганізацыях «Агенцтва развіцця Чарнавіцкай грамады» і «Любоў, якая лечыць».
З студзеня па кастрычнік 2025 года яна працавала ў Міністэрстве юстыцыі Украіны спачатку на пасадзе памочніка намесніка міністра, а затым перайшла ў дэпартамент права ЕС. З кастрычніка 2025 года яна працавала ў Кабінеце міністраў Украіны ва ўрадавым офісе каардынацыі еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі.