БЕЛ Ł РУС

З'явіцца платны Інстаграм — з ананімным праглядам сторыз і схаванымі публікацыямі

28.05.2026 / 13:29

Nashaniva.com

Meta пачала запуск платных падпісак для Instagram, Facebook і WhatsApp. Кампанія дадае эксклюзіўныя функцыі. Што там будзе?

Фота: vecteezy.com

Кампанія Meta пачала глабальны запуск платных тарыфаў для сваіх сэрвісаў у межах новай экасістэмы Meta One. Пры гэтым базавыя магчымасці сацсетак застануцца бясплатнымі, а новыя тарыфы будуць існаваць паралельна з ужо знаёмай падпіскай Meta Verified.

Што з'явіцца ў платным Instagram

Найбольш маштабныя змены чакаюць карыстальнікаў Instagram Plus, які каштуе 3,99 даляра ў месяц.

За гэтыя грошы карыстальнікі і аўтары кантэнту атрымаюць новыя інструменты прыватнасці і прасоўвання.

Карыстальнікі змогуць бачыць статыстыку паўторных праглядаў сваіх сторыз, а таксама шукаць канкрэтных гледачоў у спісах праглядаў.

Замест аднаго спісу «Блізкіх сяброў» дазволяць ствараць неабмежаваную колькасць розных спісаў.

Публікацыі ў сторыз можна будзе пакідаць актыўнымі даўжэй за звыклыя 24 гадзіны.

Падпісчыкі атрымаюць магчымасць раз на тыдзень бясплатна прасоўваць адну сторыз для прыцягнення дадатковых праглядаў.

З'явіцца афіцыйная функцыя ананімнага прагляду чужых сторыз.

Карыстальнікі змогуць публікаваць пасты такім чынам, каб яны не з'яўляліся ў агульнай стужцы іх падпісчыкаў.

Платная версія адкрые доступ да кастамных іконак прыкладання, дадатковых шпілек для замацавання пастоў у профілі і новых шрыфтоў для апісання біяграфіі.

Іншыя тарыфы Meta One

Паралельна запускаюцца Facebook Plus (3,99 даляра ў месяц) з падобным наборам функцый і WhatsApp Plus (2,99 даляра), сфакусаваны на кастамных тэмах, рынгтонах і інш.

Таксама кампанія пачынае тэставаць прасунутыя AI-тарыфы Meta One Plus (7,99 даляра) і Meta One Premium (19,99 даляра). Яны дадуць больш рэсурсаў для складаных запытаў, глыбокага аналізу, прасунутых рэжымаў мыслення і генерацыі відэа і выяў.

Для камерцыйных акаўнтаў прапануюцца тарыфы Essential (14,99 даляра) і Advanced (49,99 даляра) з прыярытэтам у пошуку, выдзеленымі кнопкамі падпіскі ў Reels, інструментамі каманднага доступу і паглыбленай аналітыкай.

У Meta тлумачаць, што кампанія жадае не толькі павялічыць колькасць платных сэрвісаў, але і паменшыць залежнасць ад рэкламы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула