БЕЛ Ł РУС

У Смаленску асудзілі грамадзяніна Расіі, які ў 2020‑м пагражаў уставіць палку спецназаўцу з в/ч 3214, што ўдзельнічаў у разгоне пратэстаў

28.05.2026 / 14:22

Nashaniva.com

Суд прымусіў выпускніка факультэта міжнародных адносін БДУ Артура Андрэева заплаціць каля $1400 пакрыўджанаму Кірылу Барысіку. Але кейс незвычайны — расійскі суд вырашыў абараняць беларускага сілавіка ад свайго ж, расійскага, грамадзяніна.

Артур Андрэеў (злева) і Кірыл Барысік (справа)

Сафонаўскі раённы суд Смаленскай вобласці Расіі прызнаў грамадзяніна Расіі Артура Андрэева вінаватым у пагрозе гвалту ў дачыненні прадстаўніка ўлады (ч. 1 ст. 318 КК РФ) і прызначыў яму штраф 50 тысяч расійскіх рублёў (каля $700 па цяперашнім курсе). Яшчэ 100 тысяч (каля $1400) ён павінен выплаціць пацярпеламу як кампенсацыю маральнай шкоды.

Пацярпелым па справе праходзіў беларускі сілавік Кірыл Барысік — на момант падзей камандзір роты спецпрызначэння в/ч 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі. Ён датычны да гвалтоўнага падаўлення мірных пратэстаў і фігуруе «пацярпелым» прынамсі ў трох крымінальных справах.

Сама падзея адбылася ў снежні 2020 года, у разгар рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў. Фота сілавіка ў баявой экіпіроўцы, яго пасада, асабісты тэлефон і адрас на той момант былі апублікаваны ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Чытайце: Хто тыя спецназаўцы, што жорстка і са здзекамі затрымлівалі музыканта Віктара «Мао» Жаркевіча, які днямі памёр

Кірыл Барысік падчас разгону пратэстаў. Фота: luka.zone

Артур Андрэеў адправіў Барысіку смс. Расійскі суд пераказаў яго змест так: «група асоб, уключаючы аўтара выказвання, адшукаюць адрасата і пакараюць яго палавым актам у анальную адтуліну пры дапамозе палкі». Паводле матэрыялаў справы, Барысік меў «рэальныя падставы баяцца» ажыццяўлення пагрозы з улікам тагачаснай палітычнай абстаноўкі і таго, што яго асабістыя дадзеныя былі ў адкрытым доступе.

Не паведамляецца, па чыёй заяве была заведзеная справа. Аднак з тэксту вынікае юрыдычная логіка, якая дазволіла Расіі ўзяцца за гэты эпізод. Па-першае, абвінавачаны — грамадзянін Расіі, і паведамленне ён, паводле суда, адправіў, фізічна знаходзячыся на тэрыторыі Холм-Жыркаўскага раёна Смаленскай вобласці. Гэта дала расійскаму суду тэрытарыяльную юрысдыкцыю — чалавека судзілі там, дзе адбылося дзеянне і дзе ён жыве.

Больш складаным было пытанне, як беларускі сілавік увогуле можа лічыцца «прадстаўніком улады» ў Расіі. Каб прыраўняць статус беларускага ваеннаслужачага да расійскага, суд скарыстаўся Канвенцыяй СНД аб прававой дапамозе: паводле яе, грамадзяне адной краіны-ўдзельніцы карыстаюцца на тэрыторыі іншых такой жа прававой абаронай, як і ўласныя грамадзяне.

Адсюль выснова суда: беларускі сілавік, які на радзіме мае статус прадстаўніка ўлады, падлягае такой жа абароне і ў Расіі.

Справу разглядалі ў асаблівым парадку: Андрэеў палічыў за лепшае прызнаць віну, таму поўнага разбору доказаў у судзе не было.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула