Джыл Байдэн заявіла, што падчас дэбатаў з Трампам ёй падалося, быццам у яе мужа проста на сцэне здарыўся інсульт
«Мне было страшна, бо я ніколі раней — і ніколі пасля — не бачыла Джо такім. Ніколі», — сказала яна.
Тыя самыя дэбаты. Фота Gerard Herbert / AP
Джыл Байдэн заявіла, што падчас няўдалых перадвыбарчых дэбатаў з Дональдам Трампам ёй падалося, быццам у яе мужа, прэзідэнта Джо Байдэна, проста на сцэне здарыўся інсульт, піша Бі-бі-сі.
«Я не ведаю, што адбылося, — расказала Джыл Байдэн у інтэрв’ю CBS News. — Калі я глядзела на яго, у мяне была думка: «Божа мой, у яго інсульт». Гэта напалохала мяне да смерці».
«Мне было страшна, таму што я ніколі раней — і ніколі пасля — не бачыла Джо такім. Ніколі», — сказала яна.
Аднак адзін з суаўтараў кнігі пра прэзідэнцтва Джо Байдэна, карэспандэнт выдання Axios Алекс Томпсан, сказаў у інтэрв’ю CNN, што, у адрозненне ад былой першай лэдзі, усе астатнія — і яго дарадцы, і аднапартыйцы, і аглядальнікі — бачылі падобныя памутненні свядомасці ў Байдэна не раз.
«Такія моманты стала вельмі складана прадказваць, і Белы дом старанна спрабаваў нешта з гэтым зрабіць і не дапускаць у публічную прастору, але ўрэшце падчас дэбатаў яны ўжо не маглі схаваць гэтыя моманты ад публікі», — патлумачыў Томпсан.
Кніга пра 46‑га прэзідэнта ЗША Джо Байдэна называецца «Першародны грэх» (Original Sin). Яна напісана ў суаўтарстве з журналістам тэлеканала CNN Джэкам Тэперам і выйшла ў маі 2025 года.
Пасля вельмі няўдалага выступлення на дэбатах супраць кандыдата-рэспубліканца Дональда Трампа Джо Байдэн сутыкнуўся з моцным ціскам з боку аднапартыйцаў, якія патрабавалі, каб ён адмовіўся ад удзелу ў выбарах.
У выніку Байдэн зняў сваю кандыдатуру і падтрымаў тагачасную віцэ-прэзідэнтку Камалу Харыс