У Беларусі заявілі пра новую сістэму кіравання для РЭБ
У Беларусі распрацоўваюць новую сістэму кіравання для радыёэлектроннай барацьбы — аўтаматызаваны пункт кіравання «Рось», які ствараецца на прадпрыемстве «КБ Радар». Галоўная асаблівасць новай сістэмы — выкарыстанне тэхналогій штучнага інтэлекту, паведаміў Вайскова-прамысловы камітэт Беларусі.
Фота: vpk.gov.by
Паведамляецца, што гэта распрацоўка прызначаная для кіравання сродкамі радыёманіторынгу і радыёпадаўлення — гэта значыць сістэмамі, якія адсочваюць і глушаць каналы сувязі, перадачы даных і спадарожнікавай навігацыі.
Сістэма здольная не толькі выяўляць крыніцы радыёсігналаў, але і прагназаваць развіццё сітуацыі ў эфіры. Яна можа аўтаматычна падбіраць найбольш эфектыўныя спосабы падаўлення сігналаў, пры гэтым не перашкаджаючы ўласным каналам сувязі.
Таксама «Рось» можа выкарыстоўвацца для выяўлення беспілотнікаў. Яна атрымлівае даныя пра паветраную абстаноўку, вызначае дроны, прагназуе іх маршрут і дапамагае выбраць спосабы супрацьдзеяння.
Яшчэ адна функцыя — зніжэнне нагрузкі на аператара. Сістэма бярэ на сябе частку разлікаў і аналізу, каб чалавек мог засяродзіцца на прыняцці важных рашэнняў.
Комплекс працуе ў рэжыме рэальнага часу і можа хутка адаптавацца да змяненняў у радыёэлектроннай абстаноўцы, пераразмяркоўваючы рэсурсы.
У цэлым заяўляецца, што распрацоўка павінна аб’яднаць розныя сістэмы ў адзіную інфармацыйную сетку, дзе ўсе даныя — пра сігналы, паветраныя мэты і ўласныя сродкі сувязі — будуць сінхранізаваныя і даступныя адначасова.
Чытайце таксама:
У санкцыйны спіс ЕС уключылі Беларускую нафтавую кампанію і «Волат-Санцзян»