«Белавія» павышае тарыфы на правоз багажу
Авіякампанія «Белавія» абвясціла, што з 1 чэрвеня 2026 года ўступаюць у сілу новыя правілы і тарыфы на правоз дадатковага багажу. Гэтыя змены тычацца тых пасажыраў, чый тарыфны план ужо ўключае пэўную колькасць багажу, але яны хочуць узяць з сабой яшчэ адзін або некалькі чамаданаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Галоўнае новаўвядзенне — змяненне тарыфаў за дадатковае месца багажу. Цяпер яно будзе каштаваць ад 40 да 100 еўра. Дакладная сума залежыць ад некалькіх фактараў: тарыфу квітка (напрыклад, «Прома», «Лайт», «Смарт» і іншыя), напрамку палёту, а таксама таго, калі і як пасажыр афармляе гэтую паслугу.
Найбольш выгадна аплаціць дадатковы багаж адразу пры куплі квітка на афіцыйным сайце авіякампаніі. У такім выпадку дзейнічаюць мінімальныя тарыфы. Калі пасажыр вырашыць дадаць багаж пазней праз інтэрнэт, пасля ўжо купленага квітка, кошт павялічыцца прыкладна на 10 еўра.
Самы дарагі варыянт — аплата ў аэрапорце або праз іншыя афлайн-каналы (напрыклад, у касах). У такім выпадку кошт можа дасягаць 65—100 еўра ў залежнасці ад маршруту.
Новыя правілы распаўсюджваюцца як на прамыя рэйсы, так і на маршруты з перасадкамі, калі ўсе пералёты выконвае «Белавія». Пры гэтым, калі на розных участках маршруту розныя тарыфы, будзе прымяняцца больш высокі.
Ёсць і важныя ўмовы па часе: праз сайт аформіць дадатковае месца багажу можна не пазней чым за дзве гадзіны да вылету. Калі ж пасажыр пасля гэтага змяняе дату, маршрут або рэйс, раней аплачаная паслуга не пераносіцца — яе трэба будзе афармляць і аплачваць зноў.
Чытайце таксама:
«Белавія» нарэшце перафарбавала ўсе самалёты
«Белавія» запускае рэйсы ў Башкартастан