Ва Уздзенскім раёне мужчына прывязаў сабаку ў лесе і пакінуў яго там на 10 дзён
Ва Уздзенскім раёне зафіксаваны выпадак жорсткага абыходжання з жывёлінай. Мужчына прывязаў свайго сабаку ў лесе і пакінуў яго там прыкладна на 10 дзён. Свой учынак ён патлумачыў тым, што нібыта «выхоўваў» жывёлу, піша раённае выданне zorkanews.by.
Скрыншот відэа з тыктока
У лесе каля вёскі Нізок Уздзенскага раёна знайшлі сабаку, прывязанага да дрэва. Гісторыя стала вядомая пасля відэа ў тыктоку.
Жанчына па імені Ганна, якая нядаўна купіла дачу ў гэтай мясцовасці, гуляла са сваім сабакам. Сусед прапанаваў паказаць ёй «грыбныя месцы», але на самай справе завёў у лес і паказаў сабаку, якога сам пакінуў прывязаным.
Жывёліна была ў цяжкім стане — знясіленая і абязводжаная. Ганна абурылася і пачала спрачацца з гаспадаром, але той не змог ёй уцямна растлумачыць свае дзеянні. Толькі пазней ужо міліцыі ён сказаў, што такім чынам «выхоўваў» жывёліну.
Жанчына не пакінула сабаку: некалькі дзён прыходзіла ў лес, прыносіла яму ваду і ежу. Пры гэтым проста адвязаць жывёліну яна баялася, каб тая зноў не вярнулася да гаспадара. Забраць сабаку да сябе жанчына таксама не магла, бо ў яе ўжо быў іншы гадаванец, падабраны ў гэтай самай вёсцы.
Скрыншот відэа з тыктока
Тады Ганна апублікавала гісторыю ў сацсетках і атрымала дапамогу валанцёраў. Яна звярнулася ў міліцыю, каб афіцыйна зафіксаваць факт жорсткага абыходжання. На месца выехалі супрацоўнікі РАУС і ветэрынарная служба. Падчас агляду ў сабакі выявілі знясіленне сярэдняй ступені. Гэта значыць, што на працягу доўгага часу ён не атрымліваў нармальнага харчавання і догляду.
У выніку валанцёр забраў жывёліну ў прытулак, дзе ёй аказваюць дапамогу. Пазней для сабакі будуць шукаць новую сям’ю.
Скрыншот відэа з тыктока
Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка. Сілавікі збіраюць усе матэрыялы, каб вызначыць, якую менавіта адказнасць панясе ўладальнік.
Заканадаўства Беларусі прадугледжвае некалькі варыянтаў пакарання. Калі дзеянні прызнаюць адміністрацыйным парушэннем, гаспадару можа пагражаць штраф (звычайна да 15 базавых велічынь, а ў больш сур’ёзных выпадках — да 30), грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.
Аднак у гэтым выпадку ёсць прыкметы больш сур’ёзнага парушэння, бо жывёліна фактычна была пакінутая без дапамогі і даведзеная да знясілення. Таму справа можа быць перакваліфікаваная ў крымінальную.
Калі будзе даказана жорсткае абыходжанне, якое прывяло да шкоды здароўю жывёлы, уладальніку можа пагражаць арышт або абмежаванне волі да 2 гадоў. У выпадку абцяжарвальных абставін — да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя гэтага, уладальнік можа быць абавязаны кампенсаваць выдаткі, звязаныя з лячэннем і ўтрыманнем сабакі.
Чытайце таксама:
Былога ветэрынара з Барысава пакусаў бяздомны сабака, але да дактароў мужчына не пайшоў
У Фаніпалі мужчына скраў сабаку і перафарбаваў яго, каб гаспадар не пазнаў
У Гродне сабак везлі ў адкрытым багажніку, адзін з іх выпаў падчас руху ВІДЭА