Амерыканскаму ўласніку парку «Сула», выхадцу з Беларусі, прадалі будынкі былога яўрэйскага гета ў Навагрудку
Рашэнне ўладаў не падабаецца Іўдзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню, якое таксама хацела стаць сузаснавальнікам музея гета. Не падабаецца і Тамары Вяршыцкай, першай дырэктарцы музея. Але Андрэй Запольскі, уласнік «Сулы», і яго партнёр па бізнэсе і былы школьны сябар Яўген Мельцэр даказваюць: гэта не будзе парк забаў.
Помнік на месцы гета ў Наваградку. Архіўнае фота: Наша Ніва
Яшчэ ў 2025 годзе будучыня Музея яўрэйскага супраціву ў Навагрудку падавалася вызначанай. У ліпені таго года мясцовыя ўлады падпісалі з Фондам міру і Іўдзейскім рэлігійным аб’яднаннем у Беларусі (ІРА) трохбаковае пагадненне аб стварэнні Беларускага музея Халакосту і Супраціву. Гэты праект павінен быў стаць пераемнікам невялічкага музея, які дзейнічаў з 2007 года, і ператварыць яго ў больш маштабную навуковую і мемарыяльную пляцоўку.
Аднак у 2026 годзе сітуацыя кардынальна змянілася. Навагрудскі выканкам выставіў тэрыторыю на аўкцыён. ІРА пра гэта не апавяшчалі.
Таргі адбыліся 16 лютага і працягваліся менш за хвіліну. Адзіным прэтэндэнтам быў Андрэй Запольскі — прэзідэнт прыватнай кампаніі Wurtland Oil Works (WOW) з Кентукі (ЗША) і ўладальнік інтэрактыўнага парка «Вялікае княства Сула». Пры пачатковым кошце 544 тысячы рублёў за аб'ект бізнэсовец у выніку заплаціў больш 571 тысячу беларускіх рублёў — кошт першага кроку.
Іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі сур'ёзна занепакоенае гэтым, піша выданне Jewish News.
Аўтар артыкула звяртае ўвагу, што «Сула» рэкламуецца як прастора, «дзе гісторыя ажывае». Уваход каштуе 35 беларускіх рублёў для дарослых. Сярод забаў — пляжная зона з альтанкамі, рэстараны, дзіцячыя пляцоўкі, зона грылю, якая працуе па выхадных, і катанне на поні для малых. Крытыкі рашэння баяцца, каб камерцыйна паспяховы падыход «Сулы» не перанеслі і на месца памяці ў Навагрудку.
Старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Артур Ліўшыц хацеў бы, каб будынкамі на месцы былога гета апекавалася яго структура. Ён даводзіць, што ў 2025 годзе яны прэзентавалі ўладам Навагрудка сваю канцэпцыю стварэння Музея Халакосту. Ідэю тады падтрымаў і Фонд міру — падкантрольная ўладам псеўдаграмадская арганізацыя.
Падпісанне трохбаковага пагаднення ў ліпені 2025 года. Фота: jewishnews.co.uk
Гаворачы пра трохбаковае пагадненне 2025 года, Ліўшыц адзначыў, што тады былі ўзгоднены тэрміны паэтапнай рэалізацыі праекта і створана група экспертаў. Была праведзеная сумесная міжнародная канферэнцыя з удзелам навукоўцаў і спецыялістаў па Халакосце з Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля і Расіі. Па словах старшыні аб'яднання, «было надзвычай балюча даведацца, што пагадненне было скасавана без якіх-небудзь абмеркаванняў».
Галоўнае пытанне Ліўшыца гучыць так: «Як можна прадаваць памяць? Памяць пра тых, хто загінуў у той вайне, і памяць пра тых, хто выжыў? <…> Уявіце, што прадаюць Сабібор ці Хатынь? Сама думка аб продажы такога сакральнага месца, прасякнутага слязамі і крывёю невінаватых людзей, якія больш не могуць абараніць сваю праўду, проста невыносная — але для Навагрудка гэта стала рэальнасцю».
Бізнэс-партнёр і школьны сябар новага ўладальніка Яўген Мельцэр на пытанне Jewish News адказаў, што яны абодва «толькі-толькі даведаліся» пра папярэдні ўдзел Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў гэтым праекце. Паводле яго слоў, у іх разуменні пагадненне 2025 года наогул «не было дамовай».
«Быў нейкі ліст аб узаемаразуменні ці нешта падобнае. І паколькі з таго часу нічога не было зроблена, маёмасць выставілі на аўкцыён, мы паўдзельнічалі і выйгралі», — цытуе выданне словы Мельцэра.
У адказ на асцярогі, што іх праект двухпавярховага будынка будзе падобны да тэматычнага парка «Сула», Мельцэр даводзіць, што, у адрозненне ад «Сулы», у Навагрудку будзе рэалізаваны менавіта некамерцыйны праект.
Андрэй Запольскі, стваральнік парка «Сула». Фота Holiday.by
Як расказвае кіраўніца брытанскай арганізацыі The Together Plan і член Асацыяцыі захавання еўрапейскай яўрэйскай спадчыны Дэбра Брунэр, 26 мая яна сустрэлася з мэрам Навагрудка. Ёй паказалі ўчастак і азнаёмілі з планамі мемарыяльнага комплексу.
«Я выйшла адтуль глыбока занепакоенай пасля таго, як мэр пацвердзіў, што гэта будзе «імерсіўны вопыт гета», уключаючы манекены, апранутыя ў форму нацысцкіх ахоўнікаў, і яўрэйскіх вязняў, якія паўзуць праз тунэль», — дзеліцца Брунэр.
Тамара Вяршыцкая, стваральніца музея 2007 года і спецыяліст па гісторыі Навагрудскага гета, расказала выданню, што сустракалася з Запольскім, але катэгарычна адмовілася ад супрацоўніцтва.
«Я сказала яму, што не магу ўдзельнічаць з ім у гэтым праекце па некалькіх прычынах, у тым ліку з-за падпісанага раней пагаднення. Я шмат разоў казала яму: калі ён хоча калючы дрот і манекены, я не буду ў гэтым удзельнічаць. І кожны раз ён пацвярджаў, што будзе гэта выкарыстоўваць», — прыводзіць выданне словы Вяршыцкай.
Помнік удзельнікам уцёкаў з гета. Навагрудак. Фота: Наша Ніва
У сваю чаргу Андрэй Запольскі наконт выкарыстання манекенаў і калючага дроту заўважае: «Гэта канцэпцыя, якую мы вывучаем. Калі вакол лагера быў калючы дрот, то мы стараемся зрабіць усё максімальна гістарычна дакладна, і гэта можа ўключаць манекены, каб перадаць суадносіны нямецкіх салдат і яўрэяў». Па яго словах, манекены і вітрыны выкарыстоўваюцца ў кожным музеі свету для экспанавання гістарычных артэфактаў.
Аднак прадстаўнікі з Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання адзначаюць, што на самой тэрыторыі гета нямецкія салдаты не размяшчаліся пастаянна — яны наведваліся туды толькі зрэдку. Ахову ажыццяўлялі паліцаі.
Крытыкі продажу аб'екта новым уласнікам сцвярджаюць, што новыя ўладальнікі плануюць адкрыць гатэль у адным з будынкаў, дзе раней знаходзіліся працоўныя майстэрні гета.
Гэта выклікала хвалю пратэсту: больш за 100 нашчадкаў тых, хто ў 1943 годзе ўцёк праз тунэль з Навагрудскага гета, падпісалі петыцыю на імя Аляксандра Лукашэнкі супраць стварэння «інтэрактыўнага парка». У петыцыі сцвярджаецца, што плануецца будаўніцтва «пастаяннага інтэрактыўнага тэматычнага парка Халакосту, за ўваход у які будуць браць грошы».
Аўтары даводзяць, што з манекенамі, замоўленымі ў Кітаі, планамі па выкарыстанні сабак (жывых ці робатаў), якія брэшуць, будаўніцтвам вартавых вежаў і агароджаў з калючага дроту, трагедыя яўрэяў Навагрудка будзе ператворана ў атракцыён тэматычнага парка.
«Гэта стане абразай памяці ахвяр і нас, іх жывых нашчадкаў. Гэты ганебны працэс павінен быць спынены. Нельга дапусціць, каб трагедыя нашых сем’яў ператварылася ў забаву. Мы апелюем да вашай маралі, каб вы не дазволілі гэтаму здарыцца», — цытуе выданне петыцыю.
Аўтар артыкула сцвярджае, што ўлады Навагрудка ігнаруюць запыты аб каментарыях, а міжнародныя структуры, у тым ліку Інстытут Яд Вашэм, патрабуюць тлумачэнняў у тым ліку праз дыпламатычныя каналы.
Яўген Мельцэр, фота з Linkedin
У сваю чаргу, Яўген Мельцэр клянецца, што музей на месцы пакутніцтва не стане камерцыйным праектам і што ён і Андрэй удзельнічаюць у гэтым «з-за асабістай цікавасці да Другой сусветнай вайны і таму, што яны выраслі ў Мінску», дзе «хадзілі ў такія мясціны, каб раскопваць артэфакты».
Яго дзядуля, Айзік (Ісаак) Рафамлавіч Мельцэр, і сам у вайну ўратаваўся ў атрадзе 106 — другім па велічыні яўрэйскім партызанскім атрадзе, які стаяў лагерам за 7 км ад атрада Бельскіх у Налібоцкай пушчы.
Мельцэр кажа, што валоданне гэтым аб'ектам — гэта «ажыццяўленне мары» для яго і для Андрэя Запольскага. Ён дадае, што аўкцыён «быў праведзены ўладамі, улады выставілі яго на аўкцыён». І яны «не ведалі ні пра што, што нешта было падпісана, абяцана ці ўзгоднена».
Мардэхай і Фаня Дунцы, якія ўцяклі з гета ў Наваградку ў Налібоцкую пушчу. Пасля вызвалення Беларусі са сваім стрыечным братам Хаімам. Архіўнае фота
У сваю чаргу, захавальніца памяці пра гета і стваральніца музея Тамара Вяршыцкая сказала:
«Я не ведаю ніводнай іншай краіны, дзе тэрыторыю гета прадалі б прыватнай асобе, калі там практычна нічога не засталося, літаральна пара будынкаў. Гэта я стварыла той музей, а ўлады ніколі ім асабліва не цікавіліся. Калі мы стваралі музей у 2007 годзе, іх рэакцыя была: «А чаму вас так хвалююць яўрэі?»
«Раптам, — згадвае яна, ёй патэлефанаваў Запольскі і сказаў, — ён у Навагрудку і хоча сустрэцца, бо яму сказалі, што я — той чалавек, які ведае гэтую гісторыю».
Яна кажа, што сустракалася з Запольскім, а таксама з трыма іншымі людзьмі з яго прадпрыемства — парка «Сула», і яны размаўлялі гадзіну.
Тамара Вяршыцкая мае занепакоенасць адносна планаў Андрэя Запольскага: «Ён хоча, каб тысячы турыстаў прыязджалі і наведвалі гэтае месца, што добра, аднак ён паняцця не мае пра каштоўнасць гэтага месца. І ён не хоча чуць, што тое, што ён прапануе — гэта няправільны шлях», — кажа яна.
Фонд міру, які першапачаткова меў быць партнёрам у праекце, не пратэстуе. Рашэнне, прынятае ў ліпені 2025 года, «страціла сваю сілу праз змену пазіцыі Навагрудскага райвыканкаму і яго бачанне формы будучага праекта», сказаў выданню Jewish News Максім Місько, старшыня праўлення гэтай псеўдаграмадскай арганізацыі.
Чытайце таксама:
Беларускі Валенберг з-пад Наваградка
У Наваградку паставілі калону са скульптурай святога заступніка горада