«Нас праводзілі ўсе Калядзічы». Кірыл Казей расказаў пра выдварэнне з краіны ў апошняй партыі палітвязняў
Былы палітвязень Кірыл Казей, які апынуўся ў апошняй партыі памілаваных палітвязняў, расказаў «Вясне», як адбывалася ягонае вызваленне.
Кірыл Казей
«Не думаў, што траплю ў лік вызваленых»
Кірыла затрымалі ў 2020 годзе — пазней супраць яго сфабрыкавалі справу, пра што ён заяўляў на судзе. На волю ён выйшаў толькі праз пяць з паловай гадоў. Мужчына апынуўся ў апошняй партыі палітвязняў, якіх памілавалі і выдварылі з Беларусі 19 сакавіка 2026 года.
«Мы здагадваліся, што будзе вызваленне, бо ў нас была інфармацыя, што хутка прыязджае амерыканская дэлегацыя. Пра гэта і сваякі казалі, і перадавалі па беларускім тэлебачанні. Таксама мы ведалі пра вызваленне папярэдніх партый. 50‑70 адсоткаў таго, што ёсць у інтэрнэце, рана ці позна даходзіла да нас нейкім чынам.
Мы ведалі, што спецпасланнік ЗША Джон Коўл прылятае ў Вільню 18 сакавіка, а 19 сакавіка, хутчэй за ўсё, ён будзе ў Мінску. Мы меркавалі, што чысла 20‑га будуць вызваленні. У нас была інфармацыя, што гэта будзе каля 200 палітвязняў. Многія знерваваліся, бо спадзяваліся, што выпусцяць амаль усіх. Са снежня людзі чакалі гэтага вельмі моцна.
Сам я не думаў, што траплю ў лік вызваленых. У сярэдзіне лютага дзесьці да 25‑ці палітвязняў з нашай калоніі прыязджалі з КДБ і пра нешта размаўлялі. Хтосьці казаў, што яму прапаноўвалі з'ехаць у Літву і супрацоўнічаць са спецслужбамі за магчымасць вярнуцца ў Беларусь. З кімсьці была фармальная размова пра стаўленне да дзейнай улады і планы пасля вызвалення. Большасці з іх, з кім я меў зносіны потым, намякалі, што ў хуткім часе яны будуць вызваленыя».
Раніца 18 сакавіка ў палітвязня ў магілёўскай калоніі № 15 пачыналася па звычайным распарадку: пад'ём, праверка, сняданак, прамзона.
«Каля 10‑й гадзіны мяне выклікалі назад у атрад. Па дарозе мяне сустрэў супрацоўнік і сказаў хутка сабраць рэчы і ежы на пару дзён. Я зараз, праз тры тыдні, гэта расказваю, і зноў перажываю гэтыя хвалюючыя эмоцыі.
Пазней сказалі пакінуць усё турэмнае адзенне і ехаць у спартовым касцюме. Мабыць, пасля таго як папярэднюю партыю вывезлі, было шмат размоў пра тое, у чым людзі ў беларускіх турмах ходзяць, і ўказанне зверху адпускаць у чымсьці больш-менш прыстойным.
Мяне адвялі ў камеру, дзе збіраюцца этапы. Спачатку дазволілі ўзяць фота сям'і. Але потым прыйшоў супрацоўнік з іншымі поглядамі і забраў нават іх. Думаю, нейкіх выразных указанняў з гэтай нагоды ў іх не было, і кожны дзейнічаў зыходзячы з асабістых меркаванняў. А тыя, хто за намі прыехаў — ім наогул было ўсё адно, што ў нас у торбах.
Я шмат разоў уяўляў сабе момант вызвалення, думаў, што ўчаплюся ў гэтыя фота і не аддам. У выніку я махнуў рукой на гэта, мабыць, з радасці. Наогул ніякіх папер з сабой забраць не далі. Мне дазволілі ўзяць мінімальную колькасць рэчаў: ежа, майткі, шкарпэткі».
«Вас вязуць для правядзення следчых дзеянняў»
Кірыл распавядае, што не пыталіся, куды іх вязуць, бо разумелі, што іх вызваляюць.
«Па чутках, як вызвалялі папярэдніх палітвязняў, мы ведалі, што адбываецца. Адзінае, мы не ведалі, куды нас павязуць — адразу на мяжу або ў мінскае СІЗА, а потым на мяжу. Натуральна, ніякіх дакументаў пра тое, куды і на якой падставе мы едзем, нам не паказвалі.
У Мінск нас везлі на звычайнай газелі. Нам завязалі вочы і начапілі кайданкі. Але абыходзіліся з намі значна ветлівей, чым на звычайных этапах.
Супрацоўнікі сказалі: «Вас вязуць для правядзення следчых дзеянняў». Але гэта было досыць смешна чуць. Было зразумела, што вязуць не на следчыя дзеянні ды імкнуцца, каб потым не было «негатыўных водгукаў» пра іх у інтэрнэце.
Усе, хто этапаваў нас, былі ў масках, кепках і акулярах. Яны хавалі свае твары, каб іх не апазналі потым, мабыць. Як па мне, дык гэта прыкмета страху і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта значыць, яны ўсё адно разумеюць, што рана ці позна ўсё гэта скончыцца. Хочуць, каб да іх тады было менш пытанняў».
Былы палітвязень падкрэслівае, што за ўсе гады зняволення не пісаў прашэнне аб памілаванні:
«За ўсе пяць гадоў да мяне ні разу ніхто не прыходзіў з прапановамі напісаць прашэнне. Таму для мяне было здзіўленнем вызваленне. Хоць я ведаў, што ў папярэдніх партыях таксама былі такія людзі.
Я не пісаў на памілаванне, бо для мяне гэта было б маральна цяжка. У такім выпадку трэба было б прызнаць віну, а я не рабіў таго, што напісана ў прысудзе. У мяне ніхто не пытаўся, ці хачу я выязджаць. Наогул чаму мяне вывезлі, не магу выказаць здагадку.
У калоніі мы прыйшлі да высновы, на падставе назіранняў за папярэднімі вызваленнямі, што ў апошні момант мяняюць спісы. Гэта значыць, у амерыканскага боку быў першапачатковы спіс, у які павінны былі ўваходзіць пэўныя людзі, але ў выніку перамоў яго памянялі.
Як я трапіў у спіс памілавання, не ведаю. Але ў мяне няма ўпэўненасці, што я памілаваны. Па сутнасці, нас проста перадалі тым, хто нас вывез з краіны».
«Бегалі ды глядзелі, каб усе добра выглядалі»
Пасля калоніі палітвязня прывезлі ў СІЗА на Калядзічы.
«У мяне было адчуванне, што мясцовыя супрацоўнікі не ведалі, хто мы і для чаго нас прывозяць. З супрацоўнікам у мяне адбылася размова:
— Адкуль прыехаў?
— З калоніі.
— Навошта прыехаў?
— У Літву, напэўна, паеду.
[Глядзіць на мяне, як на дурня]
— Напэўна, памілаванне, я дакладна не ведаю.
— У сэнсе? Навошта прыехаў?
— Добра, афіцыйна нам сказалі, што прывязуць сюды для следчых дзеянняў.
На гэтым наша размова скончылася. Але матузкі ў нас забралі, бо прымалі, як чарговы этап, па ўсіх правілах СІЗА. Мяне з іншым палітвязнем пасадзілі ў часовую камеру, так званы «адстойнік». Нам прынеслі матрац і пасцельную бялізну, каб мы пераначавалі.
На наступны дзень раніцай нас пакармілі — далі сечку з яйкам. Правялі мінімальны агляд і выдалі рэчы.
Прынеслі канверт і сказалі: «Тут каштоўныя рэчы», ды паклалі ў нашы сумкі, не даўшы паглядзець, што там. Я быў упэўнены, што ў канверт паклалі пашпарт, але там аказаліся грошы з турэмнага рахунку. Наколькі я ведаю, хлопцам з папярэдніх партый грошы не аддавалі, а ў некаторых засталіся вялікія сумы».
Пашпарт мужчыну так і не вярнулі, але гэта ён выявіў ужо ў Літве.
«Супрацоўнікі бегалі і глядзелі, каб усё добра выглядалі. Разы з чатыры яны аглядалі нас. Валянцін Стэфановіч быў у ботах з турмы, таму яму выдалі красоўкі. Мабыць, не хацелі, каб ён выязджаў у такім выглядзе.
Аглядаць наш знешні выгляд прыходзілі некалькі разоў. Вельмі стараліся, каб мы выглядалі папрыстойней, асабіста палкоўнік раздаў матузкі для красовак.
Нас праводзілі ўсе Калядзічы — усе высокапастаўленыя асобы. Нашы торбы нам самім несці не далі, усё пагрузілі за нас. Гэтым разам ехалі мы з камфортам на Mercedes Sprinter.
Тут нам ужо і кайданкі не чаплялі, і вочы не завязвалі. Ехалі ды нармальна размаўлялі паміж сабой і з тымі, хто нас суправаджаў. Мы паміж сабой абмяркоўвалі сваё турэмнае жыццё, тое, што для нас было нормай апошнія гады, а ў вачах суправаджаючых чыталася неразуменне, маўляў: «Што вы несяце, як можна пра гэта казаць».
«Кожнага з нас асабіста сустракаў Джон Коўл»
На волі мужчына не быў больш за пяць гадоў, таму ўсю дарогу ён глядзеў у акно і назіраў за тым, як змяніўся свет за гэты час.
«Пакуль ехалі, я глядзеў на машыны. Я ўбачыў новую беларускую рэальнасць у плане аўтатранспарту. Калі ехалі па кальцавой, бачыў будынкі, якія «пры мне» толькі пачыналіся будавацца. У астатнім моцна нічога не змянілася.
Нас прывезлі да мяжы і мы чакалі, як у выніку высветлілася, амерыканскі картэж. Калі нас абагналі джыпы на чырвоных нумарах, то мы зразумелі, чаго мы чакалі.
Мы ўсе разам даехалі да мяжы, пераехалі беларускі шлагбаўм і нас перасадзілі ў машыны амерыканскай дэлегацыі. Кожнага з нас асабіста сустракаў Джон Коўл. Ён нас павіншаваў з тым, што мы цяпер вольныя».
Палітвязню заставалася сядзець больш за год, але ён адзначае, што пры цяперашняй уладзе ў Беларусі ён не змог бы там заставацца жыць.
«У эміграцыі я апынуўся без дакументаў. Нібыта вольны, але ці можна цалкам быць свабодным, калі ў цябе засталася частка сваякоў у Беларусі? І ты ведаеш: высокая верагоднасць, што ў іх будуць праблемы, калі ты тут будзеш заўважаны з БЧБ-сцягам або на сустрэчы з Ціханоўскай? Таксама я не магу прыехаць у Беларусь да сваякоў. Можа і магу, але я спрабаваць не хачу. Таму гэта ўмоўная свабода, а сапраўдная свабода надыдзе толькі тады, калі ў Беларусі зменіцца рэжым».
Кірыл Казей — бацька дваіх дзяцей. Да арышту ён працаваў у кампаніі па продажы камп'ютарнай тэхнікі і цалкам прысвячаў сябе справам сям'і. Аднак у 2021 годзе мужчыну асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
На дапамогу Кірылу Казею пасля дэпартацыі на платформе «Байсол» аб'яўлены збор. Яго можна падтрымаць па спасылцы.
Чытайце таксама:
Пенсіянеры, актывісты, шматдзетныя бацькі: хто трапіў у спіс з 250 памілаваных палітвязняў
Спіс палітвязняў, вызваленых 19 сакавіка — і дэпартаваных, і тых, хто застаецца ў Беларусі