БЕЛ Ł РУС

Арыштаваная і ўратаваная: Фядута выдаў кнігу пра галоўны твор беларускай літаратуры

29.05.2026 / 10:35

Nashaniva.com

За што «галоўная кніга нашай нацыянальнай літаратуры» была выключана са школьнай праграмы? На гэтае пытанне адказвае Аляксандр Фядута сваёй кнігай пра твор — «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім», піша «Белсат».

Пяць гадоў таму, 11 красавіка 2021 года, у Маскве ФСБ затрымала групу беларусаў, якіх перадалі КДБ Беларусі і абвінавацілі быццам бы ў падрыхтоўцы перавароту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сярод затрыманых — пісьменнік і журналіст Аляксандр Фядута. Ён жартаўліва напісаў пра той арышт: «Так упершыню за шмат гадоў у мяне з’явіўся вольны час».

І гэты час ён, як творца слова, прысвяціў увасабленню ідэі, якую выношваў вельмі даўно — стварыць грунтоўны каментар да галоўнага беларускага гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча: «Я меў тэкст рамана і чыстыя сшыткі».

Але праз немагчымасць доступу да бібліятэкі, у якой мог бы паглядзець, што пісалася іншымі аўтарамі пра караткевічаўскі раман, Аляксандр Фядута змяніў першапачатковую канцэпцыю і вырашыў выкласці «сваё разуменне рамана, сваю трактоўку» ў выніку шматгадовага яго чытання.

Адсутнасць меркаванняў іншых знаўцаў творчасці Караткевіча — насамрэч не слабасць, а моцны бок «Лексікону», такой мініэнцыклапедыі з 51 артыкула, прысвечаных героям і розным з’явам з раману, Аляксандр Фядута фактычна дзеліцца самым дарагім, што яго кранала за кратамі, і што чытаецца між радкоў. У выніку «Лексікон» — гэта кніга не толькі пра раман Караткевіча, пра беларускі народ, які ў ёй паўстае ў вобразе розных герояў, але і кніга пра самога Аляксандра Фядуту, пазбаўленага волі, кніга пра пераасэнсаванне пратэстаў 2020 года.

«Лексікон» сам аўтар адрасаваў гісторыку Адаму Мальдзісу, як «аднаму з першых адкрывальнікаў Атлантыды беларускай мінуўшчыны», але той памёр 3 студзеня 2022 года, так і не пабачыўшы гэты твор. А яшчэ пакуль Фядута быў за кратамі, адзін з галоўных лукашэнкаўскіх ідэолагаў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, вядомы сваімі прарасейскімі поглядамі, дамогся выключэння ў 2023 годзе «Каласоў» са школьнай праграмы.

Рукапіс у закладніках у КДБ

Калі кніга была гатовая, ёй зацікавіўся КДБ у асобе падпалкоўніка Аляксандра Акуліча, які «міласціва» прапанаваў перадаць твор на волю. Такое ўжо было з Фядутам падчас яго арышту ў 2010 годзе, калі за кратамі ён напісаў кнігу ўспамінаў пра Горадню 1970—1980‑х гадоў «Мой маленькі Парыж».

Але на гэты раз падпалкоўнік КДБ сваё слова не стрымаў і кніга ледзь не знікла, як і шматлікія творы іншых палітвязняў. Але Аляксандр Фядута вырашыў праявіць прынцыповасць, каб вярнуць твор, і абвесціў «медычную забастоўку» — адмовіўся прымаць лекі, якія яму неабходныя былі праз дрэнны стан здароўя.

Праз два тыдні пісьменніку стала зусім блага, але ён працягваў сваё змаганне за рукапіс. Адміністрацыя ж турмы зайшла з тузоў: вырашыла настроіць супраць Фядуты тых 14 чалавек, хто з ім сядзеў у адной камеры, паабяцаўшы штоднёвыя ператрусы. Аляксандр Фядута вымушаны быў пагадзіцца прымаць лекі, але не страціў надзею вярнуць «Лексікон», для чаго стаў «бамбардзіраваць лістамі» Генеральную пракуратуру.

Гэтае змаганне за рукапіс «Лексікону» з падпалкоўнікам КДБ Аляксандрам Акулічам каштавала Аляксандру Фядуце заробленай на ўсё жыццё мігальнай арытміяй сэрца. Урэшце рукапіс пагадзіліся вярнуць, але з адной умовай — Фядута павінен быў падпісаць пратакол яго крымінальнай справы: «Так нататкі пра раман Караткевіча ператварыліся ў закладнікаў».

І Фядута пайшоў на такі крок, пасля чаго сшыткі з «Лексіконам» былі перададзеныя да яго жонкі. Аднак паўстала яшчэ адна ўмова ад КДБ — Фядуце прыйшлося паабяцаць, што ён не будзе друкаваць кнігу пра кнігу Караткевіча яшчэ год. Урэшце рукапіс быў «вызвалены» толькі пасля вызвалення і дэпартацыі з Беларусі яго аўтара.

І цяпер выйшаў у выдавецтве «Полацкія лабірынты» у выдатным перакладзе на беларускую мову Ганны Майскай і з прадмовай Сяргея Дубаўца.

«Каласы» як нашы «Вайна і мір»

Былы настаўнік літаратуры Аляксандр Фядута адразу ставіць усе кропкі над і ў плане дасканаласці беларускай літаратуры і тлумачэння часу беларусам часам закідаюць, што ў нас няма твораў «Вайны і міру» Льва Талстога. Робяць гэта тыя, хто з нашай літаратурай добра не знаёмы, а само гэтае параўнанне сягае ў савецкую школьную праграму 1970‑х гадоў, дзе «твор Талстога» бачыўся своеасаблівым ідэалам не праз яго нейкую звышнатуральнасць, а праз колькасць спасылак на гэты твор у сачыненнях стваральніка СССР Уладзіміра Леніна

«Каласы» Караткевіча Фядута параўноўвае з «Вайной і мірам», але бачыць іх большае падабенства з творамі Вальтэра Скота, а ў плане яго незавершанасці і наяўнасці 150 цытатаў на іншыя літаратурныя творы — тоесным пушкінскаму «Яўгену Анегіну».

Конь як сімвал Беларусі

51 артыкул «Лексікону» змешчаны ў той паслядоўнасці, як яны і пісаліся за кратамі, што дазваляе прасачыць і за хадой думак ды перажыванняў самога Аляксандра Фядуты ў зняволенні. Пачынаецца ўся з «Каня», аднаго з галоўных вобразаў «Каласоў».

Адразу перад вачамі паўстае чорны конь Чорнага Войны і два белыя кані Алеся Загорскага (Урга і Тромб) — у гэтым бачыцца пераход ад барацьбы адзіночак-партызан да масавага нацыянальна-вызвольнага руху. А яшчэ ж белы вершнік — сімвал нашай «Пагоні», сімвал Беларусі, а караткевічаўскае белае жарабя — гэта будучы конь, на якім прыедзе Збаўца «ратаваць свае белыя землі»: «Увесь раман Караткевіча фактычна пра тое, як расце белае жарабя і як расце, рыхтуючыся да выканання сваёй місіі, ягоны вершнік, якому суджана зліцца з белым канём у адзінае цэлае, ператварыцца ў кентаўра». У далейшым Аляксандр Фядута пашырае сваё разуменне: «Белы вершнік на белым кані становіцца двайніком святога Юрыя (Георгія), сімвалам веры ў Боскую апеку над барацьбой за вызваленне Беларусі. Беларусь становіцца мэтай і сцягам у гэтай барацьбе, а беларускасць (то-бок усведамленне сябе адным з беларусаў) — яе неабходнай умовай і характарыстыкай».

Пасля сімвалу Беларусі, наступныя артыкулы ў «Лексіконе» прысвечаныя «адмоўным» персанажам, з якімі, відавочна, сам Фядута сутыкаецца за кратамі — гэта жандарм Мусатаў, імператрыца Кацярына ІІ, памешчык Канстанцін Кроер. У апошнім, паводле трапнай заўвагі Фядуты, Караткевіч быцца бы схаваў апісанне смерці Іосіфа Сталіна: «Ад аслабелага жорсткага таталітарнага кіраўніка атачэнне разбягаецца, толькі адчуўшы ягоны непазбежны сыход».

Хіба не за такія словы-прадказанні падпалкоўнік Акуліч, які, магчыма, таксама бачыў між радкоў, вырашыў закрыць «Лексікон» Фядуты?

Галоўны ж антыгерой рамана, паводле Фядуты, — Расейская імперыя: «Злая, антынацыянальная і антычалавечая сіла«. Менавіта ёй кідае выклік галоўны герой Алесь Загорскі, прадстаўнік новага пакалення, у адрозненні ад старога, навучанага на паразах, якое ўсвядоміла марнасць сілавога супраціву імперыі: «Яны поўныя веры ў сваю перамогу, якая падаецца ім непазбежнай і гістарычна абумоўленай. І фінальны верш Алеся Загорскага ўдае на маніфест новага палітычнага пакалення грамадзян імперыі: «Я выходжу». На сцэну гісторыі выходзіць новае пакаленне». Хіба гэта не вобраз Рамана Бандарэнкі, забітага пры ўдзеле набліжаных да Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава і Наталлі Эйсмант 12 лістапада 2020 года?

А як жа груша, з якой і пачынаецца сам раман і якую Фядута разумее як сімвал упартасці жыцця, яна не скараецца свайму спрадвечнаму ворагу і ўвасабляе неўміручасць цэлага народу. Тут зноў Аляксандр Фядута быццам звяртаецца да беларусаў на пратэстах 2020 года: «Як і дрэва грушы, ён не рыхтуецца да смерці — ён буйна квітнее. І гэта квецень і ёсць жыццё асобных людзей…»

Кастусь Каліноўскі як беларускі патрыёт

Таксама адным з галоўных дасягненняў Уладзіміра Караткевіча Аляксандр Фядута бачыць створаны вобраз Кастуся Каліноўскага як беларускага патрыёты, за што ў выніку раман і быў выкраслены Гігіным са школьнай праграмы. Аднак пры гэтым, як падкрэслівае гарадзенскі пісьменнік, караткевічаўскага Каліноўскага ні ў якім разе нельга абвінаваціць у антырасейскасці, бо тут у адпаведнасці з савецкай афіцыйнай канцэпцыяй ёсць выразная мяжа паміж расейскім народам і імперскай уладай, як тое занатавана ў адным з лістоў да героя рамана Алеся Загорскага: «Ты ведаеш… я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы…». Вайна ва Украіне паказала, што гэта зусім не так.

Затое менавіта Каліноўскі з «Каласоў» стаў прыкладам для многіх беларусаў, і застаецца такім і сёння: «Можна сказаць, што ў масавай свядомасці патрыятычна арыентаваных беларусаў сёння існуе менавіта такі Кастусь, якога прыдумаў і апісаў Уладзімір Караткевіч, — светлы, рамантычна-ўзнёслы, з іскрынкамі ў вачах і з валявой складкай рота. Такі, якога можна палюбіць і якому варта было паверыць».

І менавіта за такія вобразы мы і любім «Каласы пад сярпом тваім». Але як Аляксандр Фядута разумее галоўнага героя рамана Алеся Загорскага ды іншых постацяў, альбо што закадавана ў цукры, як разумеецца Караткевічам свабода? Вы знойдзеце адказ у «Лексіконе». 29 траўня ў 12 гадзін у Варшаве на кніжным кірмашы на Нацыянальным стадыёне Аляксандр Фядута правядзе аўтограф-сесію, а 31 траўня ў 12 гадзін там жа прэзентуе і сваю кнігу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула