БЕЛ Ł РУС

У акупаваным Севастопалі цалкам знік бензін

29.05.2026 / 13:58

Nashaniva.com

Сухапутная дарога ў Крым цяпер цалкам прастрэльваецца ўкраінскімі дронамі, таму падвозіць паліва з кожным днём цяжэй.

Севастопаль. Фота: wikimedia.org

На запраўках Севастопаля няма бензіну марак АІ-92 і АІ-95. Гэта прызнаў губернатар горада Міхаіл Разважаеў. «Захоўваюцца лагістычныя складанасці, прычыны якіх вядомыя», — напісаў ён, не ўдакладніўшы, што мае на ўвазе.

Паводле яго слоў, улады робяць «усё магчымае», каб нармалізаваць сітуацыю ў найкарацейшыя тэрміны, а пытанні паставак паліва ў Крым кантралююць расійскія Мінэнерга і Мінтранс.

Дызельнае паліва пакуль ёсць, але не на ўсіх станцыях. 

Праблемы з палівам у Севастопалі цягнуцца не першы тыдзень. Яшчэ 22 мая ўлады горада ўвялі ліміт на продаж — не больш за 20 літраў бензіну або дызеля ў адны рукі, каб пазбегнуць ажыятажу і чэргаў на запраўках.

Фармулёўку пра «лагістычныя складанасці, прычыны якіх вядомыя» Развожаеў выкарыстоўвае наўмысна расплывіста — не называючы прама ўдары па расійскай паліўнай інфраструктуры. Між тым украінскія сілы наносілі ўдары па Феадасійскай нафтабазе і па паромнай лагістыцы ў Керчы, а так званы сухапутны калідор у Крым праз акупаваныя тэрыторыі поўдня Украіны трапіў пад агнявы кантроль. Праз Крымскі мост цыстэрны з палівам з меркаванняў бяспекі не пускаюць, таму дастаўка залежыць ад паромаў і надвор'я.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула