Мужчына з двума нажамі напаў на сына, калі той мыў шкарпэткі ў ванным пакоі, і нанёс 10 удараў
Выпадак здарыўся ў Мінску на вуліцы Герасіменкі.
64‑гадовы мужчына жыў у кватэры з жонкай, дачкой і сынам, які быў неаднаразова судзімы і нідзе афіцыйна не працаваў. У той вечар мужчына выпіў з калегамі, і, вярнуўшыся дадому, чарговы раз пасварыўся з сынам, пішуць Мінск-навіны.
Сын непрыкметна ўключыў на сваім мабільным тэлефоне дыктафон, паколькі бацька пагражаў яму.
Калі сын мыў у ваннай шкарпэткі, бацька ўварваўся туды. У яго руках было два нажы. Малады мужчына не бачыў іх, бо стаяў спінай да дзвярэй. Бацька нанёс яму ўдары ў спіну. Паміж сваякамі пачалася барацьба, у разгар якой бацька двойчы ўдарыў сына нажом у грудную клетку.
Сын паслізнуўся і стукнуўся галавой аб край ванны. Калі ён прыйшоў у сябе, то ўбачыў, як бацька наносіць яму чарговы ўдар нажом — гэтым разам у жывот. Далей той прыставіў лязо да шыі і парэзаў яе, а пасля ўдарыў нажом у перадплечча.
Сыну ўдалося адштурхнуць бацьку, той упаў на спіну і ў гэты момант двойчы ўсадзіў лязо ў галёнку пацярпелага. Малады мужчына сеў на бацьку зверху і стаў утрымліваць яго рукі, але той змог вырвацца і нанесці сыну удар нажом у рабро.
Хлопец з апошніх сіл дайшоў да кухні, узяў крэсла і ўдарыў ім бацьку, пасля чаго адкрыў дзверы ў кватэру і ўпаў ў тамбуры. Хуткую і міліцыю выклікалі суседзі.
Ачуняў 36‑гадовы мужчына толькі тады, калі медыкі аказвалі яму першую дапамогу, а пасля даставілі ў бальніцу.
Бацьку затрымалі і распачалі крымінальную справу.
Суд прызнаў яго вінаватым у замаху на забойства і празначыў сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.