УСУ ўдарылі па Таганрогу: акрамя нафтавых аб'ектаў, знішчаныя два самалёты і «Іскандэр»
Таксама пажар у выніку ўдару беспілотнікаў пачаўся на нафтабазе ў Армавіры Краснадарскага края.
Порт у Таганрогу быў атакаваны беспілотнікамі УСУ, паведаміў раніцай у суботу, 30 мая, губернатар Растоўскай вобласці Расіі Юрый Слюсар у сваім тэлеграм-канале.
У выніку атакі ў таганрогскім порце ўзнік пажар на танкеры, у рэзервуары з палівам і ў адміністрацыйным будынку.
Асаблівасць атакі ў тым, што, акрамя звычайных аб’ектаў для ўдараў: паліўнага рэзервуара ў порце і танкера ў акваторыі — былі знішчаныя два самалёты Ту-142 на вайсковай авіябазе і «Іскандэр» на баявой пазіцыі ў наваколлі яе. Пра гэта растоўскі губернатар прамаўчаў, але відэадоказы распаўсюдзілі каналы Мінабароны Украіны.
У тую ж ноч пажар у выніку ўдару беспілотнікаў пачаўся на нафтабазе ў Армавіры Краснадарскага края.
«Сёння ноччу ў прамысловай зоне Армавіра ў выніку атакі беспілотных лятальных апаратаў пацярпеў аб’ект ТАА «Паўднёвая нафтавая кампанія», — паведаміла гарадская адміністрацыя ў сваім тэлеграм-канале.
Пазней там заявілі, што пажар лакалізаваны і пацярпелых няма.