БЕЛ Ł РУС

Украіна першай у свеце запусціла «прыватную СПА»: хто яе прыдумаў, хто ўдзельнічае і ці эфектыўна гэта

30.05.2026 / 17:47

Nashaniva.com

«Мы — фактычна прыватная вайсковая кампанія. Але якая мае больш спецыфічных ведаў», — тлумачыць Украінскай службе Бі-бі-сі ветэран УСУ і колішні вайсковы разведчык Валерый. Ён з пабрацімамі арганізаваў адну з першых у краіне кампаній «прыватнай СПА» ў межах эксперыменту, якога да гэтага часу не бачыў свет. Што гэта за праект, хто ўдзельнічае і ці паспяховы ён?

Калаж: Украінская служба Бі-бі-сі

У 2024‑2025 гадах праблемы з супрацьпаветранай абаронай сталі нарастаць ва Украіне. Расія павялічыла колькасць ударных дронаў і мадыфікавала іх так, каб збіццё БПЛА стала ўскладненым.

Пры гэтым пад удары сталі ўсё часцей трапляць не толькі вайсковыя, але і цывільныя аб'екты ў тыле Украіны: чыгуначныя станцыі, склады, крамы і лагістычныя хабы.

Кіеў сутыкнуўся з праблемай дэфіцыту як сродкаў, так і людзей для СПА ў глыбіні тэрыторыі.

Новая тактыка «шахедаў» прадугледжвае іх назапашванне на вузкай пляцоўцы для прарыву абароны.

Гэта прывяло да таго, што яны, прарваўшы рубяжы, фактычна без перашкод маглі далей атакаваць любы будынак ці рухомы аб'ект ва Украіне.

Вайсковае кіраўніцтва атрымала задачу знайсці «супрацьяддзе».

Прыватная СПА: як узнікла ідэя

УСУ не паспявалі нарошчваць магчымасці для прыкрыцця аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, тлумачыць Украінскай службе Бі-бі-сі намеснік галоўнакамандуючага УСУ, брыгадны генерал Андрэй Лебядзенка.

Менавіта ў сферу яго адказнасці ўваходзіць распрацоўка інавацый ва ўкраінскай арміі, у прыватнасці ідэя «прыватнай СПА».

«Аб'ектаў крытычнай інфраструктуры рабілася спачатку паўтары сотні, потым пяць сотняў, потым, дапусцім, дзве тысячы, потым дзесяць. Гэта прывяло да таго, што мы не паспявалі проста нарошчваць магчымасці па іх абароне. Стала зразумелым, што сіметрычны адказ на гэтую пагрозу не працуе. Трэба дзейнічаць асіметрычна», — адзначае ён у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Ідэя «прыватнай СПА» ўзнікла ў намесніка галоўнакамандуючага УСУ Андрэя Лебедзенкі. Ён кажа, што шукаў «асіметрычнае рашэнне» для нівелявання пагроз. Фота: Галоўнае ўпраўленне камунікацый УСУ

Тады і зарадзілася ідэя прыцягнуць да супрацьпаветранай абароны максімальную колькасць людзей, якія па тых ці іншых прычынах не могуць быць мабілізаваныя. Напрыклад, жанчын, ветэранаў, мужчын 18‑25 гадоў, колішніх вайскоўцаў з раненнямі.

У чэрвені 2025 года Кабмін запусціў эксперыментальны праект груп СПА ў складзе добраахвотніцкіх фармаванняў тэрытарыяльных грамад (ДФТГ). Людзі, якія не падлягаюць мабілізацыі, мелі магчымасць заключыць кантракт на 3 гады і ўступіць у гэтыя фарміраванні, каб далучыцца да абароны ўкраінскага неба. Фінансаваць гэтыя групы могуць мясцовыя грамады, а не дзяржава.

У лістападзе 2025 года эксперымент пайшоў далей: урад дазволіў ствараць свае групы СПА прадпрыемствам усіх формаў уласнасці, у тым ліку і прыватным.

У сакавіку гэтага года ўлады дазволілі «часова выдаваць» узбраенне і боепрыпасы «прыватным СПАшнікам».

У гэты момант эксперымент запрацаваў не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Працягнецца праект два гады — да 22 лістапада 2027-га. Па выніках Мінабароны мае адсправаздачыцца перад урадам адносна эфектыўнасці.

Як гэта працуе

Каб атрымаць права сфарміраваць сваё падраздзяленне СПА, прадпрыемства мае падаць заяву ў Мінабароны. У ёй трэба апісаць звесткі пра фірму, кіраўніцтва, а таксама інфармацыю пра «здольнасць выканання задач супрацьпаветранай абароны» (наяўнасць складоў, аб'ектаў нерухомай маёмасці для захоўвання сродкаў супрацьпаветранай абароны, а таксама гатоўнасць закупляць сродкі СПА).

Таксама патрэбныя даныя пра арыенціровачную структуру і склад групы супрацьпаветранай абароны.

Гэтыя «СПАшнікі» павінны абавязкова прайсці псіхіятрычны і наркалагічны агляд, не мець судзімасцяў і абмежаванняў па стане здароўя для выканання функцыянальных абавязкаў, а таксама сувязяў з Расіяй і падсанкцыйнымі асобамі.

Заяўкі на стварэнне «прыватнай СПА» разглядае міністэрства абароны. Кіраўнік ведамства Міхаіл Фёдараў кажа, што задаволены тэмпамі эксперыменту

Мінабароны разглядае гэтую заяву і можа даць узгадненне або адмовіць.

Па даных крыніц Украінскай службы Бі-бі-сі ў вайсковым кіраўніцтве, па стане на сярэдзіну мая заяўкі падалі каля 40 кандыдатаў. З іх амаль 30 атрымалі дазвол ад міністэрства, а каля 10 — ужо інтэграваныя ў сістэму агульнаўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Праўда, непасрэдна выконваюць задачы, гэта значыць вядуць баявое дзяжурства, толькі крыху менш за палову з іх. Іншыя — на стадыі афармлення дамоў, набыцця сродкаў, падрыхтоўкі асабовага складу, каардынацыі з камандаваннем Паветраных сіл.

Расійскі «шахед», які захапіў у прыцэл і атакуе аператар зенітнай турэлі «прыватнай СПА»

І гэта важны момант.

Рэч у тым, што прыватныя каманды СПА не дзейнічаюць самастойна, нават калі атрымалі паўнамоцтвы і кантракт на ахову аб'екта.

Каардынацыяй дзеянняў займаецца камандаванне Паветраных сіл, якое ўласна і надае ім цэлевызначэнне, доступ да праграм маніторынгу паветранай прасторы і дазвол на адкрыццё агню.

«Сілы прыватнай СПА выконваюць функцыі не аўтаномна, а дадаюць магчымасцяў Паветраным сілам, якія адказваюць за супрацьпаветраную абарону ў краіне. Гэта працуе па прынцыпе, падобным да прыватных ахоўных кампаній. У нас ёсць паліцыя, але абараняюць парадак і ўкладаюцца ў бяспеку асяроддзя таксама і прыватныя агенцтвы.

Па сутнасці, прыватная СПА — фактычна прыватная ахоўная кампанія, толькі абараняе яна не перыметр на зямлі, а зону ў паветры», — тлумачыць генерал Лебядзенка.

Сябры міністра, ветэраны вайны і камунальнікі

Украінская служба Бі-бі-сі азнаёмілася з пералікам каля 40 прадпрыемстваў, якія ўжо падалі заяўкі на ўласную СПА.

Сярод іх ёсць як тыя, якія разглядаюць гэта як бізнэс, гэта значыць плануюць аказваць паслугі іншым прадпрыемствам, так і тыя, хто хоча атрымаць такі статус, каб арганізаваць супрацьпаветраную ахову ўласных аб'ектаў.

Сярод першых можна назваць такія кампаніі, як «Служба аховы «Гвардыя», кіраўніком якой з'яўляецца ветэран вайсковай разведкі Валерый Качарга, а таксама ТАА «Кармін Скай» (Carmine Sky), кіраўніком якой у рэестрах значыцца Ягор Карніенка.

Ягор Карніенка працаваў у ІТ-кампаніі разам з Міхаілам Фёдаравым, а пасля стаў дарадцам кіраўніка ў роднай для абодвух Запарожскай вобласці. Фота: прэс-служба Запарожскай АДА

Ён быў дарадцам старшыні Запарожскай абласной адміністрацыі па пытаннях дыджыталізацыі, а таксама з'яўляецца прыяцелем міністра абароны Міхаіла Фёдарава, у прыватнасці пацвердзіў, што працаваў у яго фірме SMM Studio.

«Так, мы працавалі разам і ва ўніверсітэце разам вучыліся», — сказаў Карніенка ў размове з Украінскай службай Бі-бі-сі.

Ён адмаўляе, што Фёдараў лабіраваў ці спрыяў яго кампаніі ў атрыманні дазволу на аператара «прыватнай СПА».

Кіраўнік «Кармін Скай» падкрэслівае, што заяву ў Міністэрства абароны ён падаў задаўга да таго, як Фёдараў стаў міністрам у студзені 2026 года.

«Глядзіце, гэта ж дзяржава сама зацікаўленая ў тым, каб гэтая праца рабілася. Дык пры чым тут Міхаіл Фёдараў», — заявіў ён, адзначыўшы, што Мінабароны не мае «асаблівай сувязі» з яго фірмай і спрыяе яе дзейнасці толькі як аднаму з удзельнікаў праекта «прыватнай СПА».

Валерый Качарга кажа, што з'яўляецца ветэранам вайны і служыў разведчыкам. Да сваёй кампаніі «прыватнай СПА» ён далучае пабрацімаў. Фота: Арміяінформ

30 сакавіка міністр Фёдараў у сацсетках апублікаваў відэазапіс адносна «выніковасці прыватнай СПА», на якім была выяўленая баявая праца падраздзяленняў Carmine Sky каля Харкава і пазначаная назва кампаніі.

«Кармін Скай» і «Гвардыя» сярод тых некалькіх камандаў, якія не толькі атрымалі дазвол Міністэрства абароны, але і ўзяліся за ахову інфраструктуры ды маюць першыя збіцці «шахедаў».

Сярод іншых арганізацый і фірмаў, якія зацікаўлены стаць аператарамі СПА, звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць дзяржаўных і камунальных прадпрыемстваў.

Напрыклад, ужо арганізавалі або плануюць уласныя антыдронавыя групы адміністрацыі марскіх партоў Чарнаморска, Адэсы, Ізмаіла, водаканал і цеплаэнерга ў Сумах і Львове, канструктарскае бюро «Паўднёвае» ў Дняпры.

Сярод кандыдатаў пазначаныя «Укрзалізниця», «Укрэнерга», «Вінніцкая кандытарская фабрыка» карпарацыі Roshen экс-прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

СПА: адкуль узбраенне

Аператары «прыватнай СПА» могуць самастойна закупляць антыдронавыя сродкі, у прыватнасці РЭБ, турэлі, кулямёты і БПЛА-перахопнікі.

Таксама яны могуць купляць і ўсталёўваць уласныя радыёлакацыйныя сродкі, якія, аднак, неабходна інтэграваць у сістэму Паветраных сіл.

«Кармін скай», напрыклад, робіць стаўку на дыстанцыйна кіраваныя турэлі на базе кулямёта M2 Browning.

Яны размяшчаюцца на спецыяльных вежах вакол аб'екта, а кіруюцца аператарам, які сядзіць за сотні метраў у бункеры ці камандным цэнтры.

Турэлі самастойна распазнаюць цэлі і наводзяцца на іх, а аператар пацвярджае адкрыццё агню.

У кампаніі «Гвардыя» кажуць, што для працы выкарыстоўваюць дроны-перахопнікі, а таксама маюць уласныя мабільныя агнявыя групы.

«Але гэта не проста мабільныя групы, гэта сур'ёзная сістэма абароны, якая ўключае ў сябе інтэграцыю і дронаў-перахопнікаў, і аўтаматычных турэляў», —тлумачыць кіраўнік фірмы Валерый Качарга.

Паводле яго слоў, яны дадаткова атрымліваюць узбраенне і боепрыпасы ад дзяржавы.

Згодна з пастановай Кабінета міністраў Украіны ад 2 сакавіка, камандаванне Паветраных сіл можа прыняць рашэнне пра перадачу сродкаў СПА і боепрыпасаў «прыватнікам».

«Колькасць боепрыпасаў, што перадаецца, вызначаецца сумесным рашэннем», — пазначана ў дакуменце.

Прадпрыемству вызначаецца норма крытычнай рэшты боепрыпасаў у 50% ад пачатковага аб'ёму. У выпадку яе дасягнення прадпрыемства падае заяву на папаўненне.

Боепрыпасы і зброя выдаюцца не назаўжды, а падлягаюць вяртанню на працягу 3 дзён пасля завяршэння задання.

Кіраўнік «Гвардыі» Валерый Качарга кажа, што ягоная фірма на перыяд дзяжурстваў атрымлівала ад дзяржавы радары, стралковую зброю і ПЗРК (пераносныя зенітна-ракетныя комплексы).

Брыгадны генерал Андрэй Лебядзенка падкрэслівае, што камандаванне УСУ «арыентуе» аператараў адносна куплі той ці іншай зброі або абсталявання, але не настойвае на набыцці менавіта гэтых сродкаў.

«Калі яны першы раз заходзяць на пазіцыю, мы ім даём базавыя разуменні, якія сродкі трэба, якія радыёлакацыйныя станцыі, РЭБ, дроны-перахопнікі, турэлі. Мы ім даём базу, яны заходзяць на гэтыя сродкі, і яны потым ужо фарміруюць свой пункт гледжання адносна іх эфектыўнасці. Далей мы іх ужо не стрымліваем. Калі мы будзем ім казаць, што купіць, тады мы страцім адну з ключавых пераваг — свабоду выбару. Тады гэта будзе не прыватная СПА», — заўважае намеснік галоўнакамандуючага.

Ён паведаміў Бі-бі-сі, што па стане на канец мая аператары «прыватнай СПА» збілі каля 50 дронаў, у тым і ліку рэактыўных «шахедаў». І гэта з'яўляецца «вельмі неблагім вынікам», адзначыў генерал.

«Недзе дзве траціны — гэта поўдзень Украіны і раён Харкава, дзе фактычна працуе большасць гэтых падраздзяленняў», — сказаў ён.

Колькі ўсё гэта каштуе

Паслугі «прыватнай СПА» могуць каштаваць мільёны грыўняў на месяц, кажуць прадстаўнікі кампаній, праўда, не раскрываючы канкрэтных лічбаў.

Валерый Качарга кажа, што страты прадпрыемстваў ад трапляння дронаў, страты прадукцыі і абсталявання, штрафных санкцый і прастою могуць складаць да 25 мільёнаў грыўняў (каля 565 тысяч даляраў), а паслугі СПА каштуюць каля 2-7% ад гэтай сумы. Значыць, падсумоўвае ён, выгада ўладальнікаў відавочная.

«Вы не спыняеце вытворчасць падчас трывог і не рызыкуеце страціць маёмасць і супрацоўнікаў», — такая думка ў кіраўніка «Гвардыі».

Па даных Forbes Ukraine, стартавыя капітальныя інвестыцыі ў ахову аднаго аб'екта прыватнай СПА пачынаюцца ад 20 мільёнаў грыўняў (каля 451 тысячы даляраў). У гэтую суму ўваходзяць абсталяванне, інфраструктура, разгортванне сістэмы, праца тэхнічных спецыялістаў і аператараў. Адзін з удзельнікаў рынку ацаніў кошт аховы прыкладна ў 10% ад кошту аб'екта.

Для разумення: звычайная турэль на пікап пад кулямёт M2 Browning ва Украіне можа каштаваць каля тысячы даляраў, а дрон-перахопнік — 2 тысячы.

Агульны кошт аўтаматызаванай зенітнай турэлі Sky Sentinel складае каля 150 тысяч даляраў.

Аўтаматызаваная зенітная турэль Sky Sentinel з кулямётам M2 Browning. Такое ўзбраенне выкарыстоўваюць прыватныя групы СПА для абароны аб'ектаў, у прыватнасці ў Харкаве. Фота: United24

Па словах Валерыя Качаргі, украінскі прыватны бізнес «вельмі актыўна» цікавіцца паслугамі аператараў «прыватнай СПА».

«Бізнэс усё разумее, бо ён лічыць свае грошы. Страта аб'екта ад прылёту дрона — гэта значна большыя грошы, чым укласціся ў абарону».

Іншая справа — камунальныя і дзяржаўныя прадпрыемствы, заўважае кіраўнік «Гвардыі», якая падключаная да аховы камунальнага «Кіеўводаканала». Ён звяртае ўвагу на «бюракратычныя зацягванні» пры заключэнні дамоў.

«Ёсць крыху інертны і недзяржаўны падыход ад некаторых камунальных аператараў крытычнай інфраструктуры», — кажа кіраўнік аператара.

У камандаванні УСУ на пытанне адносна фінансавай часткі паведамілі Украінскай службе Бі-бі-сі, што не датычныя да фарміравання цаны на паслугі «прыватнай СПА» і не адсочваюць гэтае пытанне.

Што можа пайсці не так

Ва ўмовах, калі дзяржава на практыцы не здольная абараніць сотні тысяч аб'ектаў на сваёй тэрыторыі, якая прастрэльваецца ракетным і дронавым узбраеннем, арганізацыя «прыватнай СПА» выглядае як дастаткова эфектыўны, хоць і часовы выхад з сітуацыі.

Бізнэс, які стаміўся аднаўляць знішчаныя магутнасці пасля абстрэлаў, атрымлівае механізм, як іх абараніць, хоць і высокай цаной, а дзяржава — магчымасць пераразмеркаваць свае абмежаваныя вайсковыя рэсурсы. Да прыкладу, зняць частку СПА з тылавых раёнаў і перакінуць да прыфрантавых рубяжоў.

Украінскія ўлады разлічваюць, што цікавасць да гэтай дзейнасці будзе павышацца і выйдзе на пік на працягу лета.

У перспектыве «супрацьпаветраная ахова аб'ектаў пад ключ» можа зацікавіць і замежных кліентаў, кажуць Украінскай службе Бі-бі-сі ў кампаніях, якія атрымалі дазвол на такую дзейнасць.

У кіраўніцтве Узброеных сіл падкрэсліваюць, што спрыяюць гэтым кампаніям і зацікаўленыя ў росце іх колькасці.

Па словах генерала Андрэя Лебядзенкі, створаная служба тэхнічнай падтрымкі, якая кансультуе бізнэс адносна працы СПА.

«Усё для таго, каб паскорыць тэмп. Каб бізнэс не хадзіў, як у цёмным пакоі, навобмацак, каб не шукаў, як гэта зрабіць. У працэсе атрымання ліцэнзій мы падтрымліваем, з імі звязваюцца для таго, каб на кожным этапе былі якасць, хуткасць, вынік», — абяцае ён.

Намеснік галоўкамандуючага падкрэслівае: пакуль што не зафіксавана пазаштатных сітуацый, звязаных з дзейнасцю «прыватнай СПА», як то «сяброўскі агонь», пашкоджанне цывільных аб'ектаў ці раненне старонніх людзей.

У пачатку верасня кіраўніцтва УСУ і Мінабароны плануе справаздачу аб эфектыўнасці эксперыменту.

Па словах генерала Лебядзенкі, праект паказвае сябе як даволі паспяховы.

«Ці задаволеныя Паветраныя сілы гэтым эксперыментам? Я думаю, так», — кажа ён.

Чытайце таксама:

УСУ ўдарылі па Таганрогу: акрамя нафтавых аб'ектаў, знішчаныя два самалёты і «Іскандэр»

Прэзідэнт Румыніі: Расійскі дрон мог памяняць траекторыю пасля таго, як яго збілі ўкраінцы

Практычна спыніўся рух транспарту на трасе «Наваросія» — сухапутным калідоры ў Крым

Дарадца Мінабароны Украіны: Глабальнае ўварванне фармату 2022 года ўжо не паўторыцца

Зяленскі: Маем інфармацыю ад разведак пра падрыхтоўку Расіяй новага масіраванага ўдару

Каментары да артыкула