БЕЛ Ł РУС

Амбасада Германіі заявіла пра намер скараціць час чакання шэнгенскіх віз

30.05.2026 / 18:18

Nashaniva.com

Пра намер скараціць час чакання шэнгенскіх віз заявіла ў відэазвароце кіраўніца нямецкага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен, заўважыў «Позірк».

Пасольства Германіі ў Беларусі. Фота: Яндэкс-Карты

«Мы з камандай амбасады вельмі радыя вялікай цікавасці да Германіі. Нам вельмі важна ўмацоўваць наяўныя кантакты паміж Германіяй і Беларуссю і садзейнічаць устанаўленню новых. Афармленне віз грае пры гэтым ключавую ролю. На жаль, мы не можам цалкам задаволіць высокі попыт, і тэрміны чакання значна павялічваюцца», — адзначыла Катрын аўс дэм Зіпен.

Паводле яе слоў, у будучыні амбасада хоча надаць гэтай праблеме яшчэ больш увагі.

«Мы працуем над рашэннямі, якія дазволяць аптымізаваць працэсы», — сказала дыпламатка.

Яна анансавала новую рубрыку на пляцоўках камунікацыі амбасады з беларускімі грамадзянамі — «Visa: Mission Possible» («Віза: місія выканальная»). У рубрыцы будуць размяшчацца ролікі, закліканыя «зрабіць так, каб падача дакументаў на візу была паспяховай», паведаміла аўс дэм Зіпен.

У суправаджальным прэс-рэлізе адзначаецца, што ў 2025 годзе амбасада Германіі выдала грамадзянам Беларусі каля 42 тысяч шэнгенскіх віз. Яна «ўваходзіць у дзясятку рэкардсменаў па выдачы віз сярод замежных прадстаўніцтваў Германіі ва ўсім свеце».

«Мы працуем над тым, што можам змяніць сваімі сіламі, і імкнёмся да паляпшэнняў, найперш у дачыненні да тэрмінаў чакання», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Акрамя таго, дыппрадстаўніцтва мае намер «абвергнуць распаўсюджаныя міфы аб афармленні віз».

У каментарах адна чытачка паведаміла, што двойчы чакала выкліку ў амбасаду 14 месяцаў. Яшчэ адзін чытач напісаў, што чакае адказу з сакавіка 2025 года, г.зн. прайшло таксама 14 месяцаў.

Згодна з данымі міграцыйнай службы Еўрасаюза, летась у Беларусі было выдадзена каля 152 тысяч шэнгенскіх віз. Доля Германіі склала прыкладна 28%.

Чытайце таксама:

За 2025 год беларусы атрымалі 152 тысячы шэнгенскіх віз

«Пасля пяцігадовай візы далі на тры месяцы». Як беларусы цяпер атрымліваюць шэнген

Пасольства Італіі ў Мінску памяняла візавага аператара

Усё менш і менш: колькі і якія візы выдае беларусам Германія

Каментары да артыкула