У Растоўскай вобласці пасля нападу БПЛА загарэлася нафтасховішча, у Саратаўскай — НПЗ
У Растоўскай і Саратаўскай абласцях Расіі ў ноч на 31 мая падчас чарговай паветранай атакі пад ударам апынуліся аб’екты паліўнай інфраструктуры.
Паводле паведамлення губернатара Растоўскай вобласці Юрыя Слюсара, у Матвеева-Курганскім раёне ў выніку падзення абломкаў беспілотніка загарэлася паліўнае сховішча, якое забяспечвае сельгасвытворцаў.
Мясцовыя жыхары суседніх прыватных дамоў былі эвакуяваныя ў мэтах бяспекі, да тушэння пажару прыцягнулі пажарны цягнік.
Інфармацыя пра пацярпелых на гэты момант не паступала.
Акрамя таго, у самім пасёлку Матвееў Курган пашкоджанні атрымалі аптэка, дзве крамы і аўтамабіль, а таксама былі пашкоджаныя дах, шкленне і газавая труба, з-за чаго давялося перакрыць газ. Мясцовыя суполкі ў сацыяльных сетках са спасылкай на відавочцаў сцвярджаюць, што пасля ўдару па рэзервуары з палівам у населеным пункце прайшоў нафтавы дождж.
Адначасова пра наступствы начной атакі заявіў і кіраўнік Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін. Ён паведаміў пра пашкоджанне аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры, аднак не ўдакладніў, пра якія менавіта прадпрыемствы ідзе гаворка.
У той жа час маніторынгавыя OSINT-каналы і інфармацыйныя рэсурсы распаўсюдзілі фота– і відэаматэрыялы ад мясцовых жыхароў, якія сведчаць, што асноўны ўдар прыйшоўся на Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод, дзе пасля выбухаў пачаўся пажар.
Гэты НПЗ ужо не першы раз становіцца цэллю для паветраных удараў.