БЕЛ Ł РУС

«Пякельны» маршрут 666 вяртаецца: FlixBus запускае рэйс па Польшчы

31.05.2026 / 15:10

Nashaniva.com

Праз тры гады пасля закрыцця знакамітага аўтобуснага маршруту №666 на Хэльскую касу гэты нумар зноў з’явіцца на дарогах Польшчы. Легендарны рэйс адраджае міжнародны перавозчык FlixBus, піша Еuronews.

Фота: FlixBus

Новы летні маршрут злучыць Кракаў з горадам Хэль, а сам шлях пройдзе праз Варшаву і папулярныя курорты Балтыйскага ўзбярэжжа. Навіна пра вяртанне нумара 666 выклікала ажыятаж у медыя і сярод турыстаў.

Гісторыя гэтага рэйса налічвае шмат гадоў. Доўгі час мясцовы маршрут паміж Дэмбкамі і Хэлем абслугоўвала кампанія PKS Gdynia. Нумар стаў сусветна вядомым дзякуючы гульні слоў: назва польскага горада Hel сугучная з англійскім словам hell («пекла»), а лічба 666 у рэлігійнай традыцыі лічыцца «лікам звера».

Турысты з усяго свету палявалі на фота з «аўтобусам у пекла» і дзяліліся імі ў сацыяльных сетках.

Аднак у 2023 годзе пасля шматлікіх пратэстаў і петыцый з боку каталіцкіх суполак перавозчык змяніў нумар на нейтральны 669.

Цяпер FlixBus вырашыў вярнуць папулярны брэнд. Кіраўніцтва кампаніі не хавае, што нумар выбраны свядома з маркетынгавых меркаванняў, бо гэты знак адразу тлумачыць канчатковы пункт падарожжа. Акрамя рэкламнага складніка, рэйс закрые высокі попыт пасажыраў на простыя летнія маршруты да Балтыкі з буйных польскіх гарадоў.

Аўтобус будзе курсіраваць штодня на працягу ўсяго летняга сезона. Падарожжа з Кракава да Хэля зойме каля трынаццаці гадзін, а расклад складзены такім чынам, каб максімальна абмінаць коркі на пад’ездзе да паўвыспы.

Сама назва горада Хэль не мае нічога агульнага з містыкай. Філолагі і гісторыкі схіляюцца да версіі, што слова паходзіць з старажытнагерманскіх моў, дзе яно азначала «дзюну» ці прыбярэжны пагорак. На старадаўніх дацкіх картах гэты пясчаны мыс даўжынёй 35 кіламетраў пазначалі як Heel («пятка») праз яго характэрную геаграфічную форму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула