Лукашэнка заклікаў Арменію быць акуратнай. «Каб не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне»
Дагэтуль на саміце ў Астане Уладзімір Пуцін намякаў на будучыя праблемы ў Арменіі, калі яна будзе збліжацца з ЕС.
Лукашэнка на саміце ў Астане, 29 мая 2026 года. Фота: kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў пасля саміту ЕАЭС у Астане, параіў Арменіі быць акуратнай пры выбары паміж ЕАЭС і ЕС, піша БелТА.
«Мы не ціснем на народ, тым больш, мы ж разумеем, што тут гульня палітычная — заўтра выбары ў Арменіі (7 чэрвеня ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. — НН). Натуральна, гэта круцяць-муцяць пад выбары. Але кіраўніцтва Арменіі дарэмна так паступае. Гэта даходзіць да прыніжэння Еўразійскага эканамічнага саюза».
«Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне… Ва Украіне ўсё роўна так пачыналася. Вы гэта памятаеце, — заявіў Лукашэнка. — Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, не трапілі ў цяжкую сітуацыю ў сувязі з гэтым. Не трэба спяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі».
Лукашэнка панаракаў, што еўрапеўцы «наабяцалі цэлую кучу» Арменіі.
«Хоць мы не чулі гэтых абяцанняў, былі толькі асуджэнні: «Беларусь і Расія такія-сякія». Вядома, мы не дасканалыя, чаго тут казаць. Але на сябе паглядзіце».
Дагэтуль на саміце ў Астане Уладзімір Пуцін намякаў на будучыя праблемы ў Арменіі, калі яна будзе збліжацца з ЕС. «Крызіс ва Украіне калісьці пачаўся са спроб далучэння да ЕС», — казаў Пуцін.
Чытайце таксама:
Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў
Лукашэнка адказаў Зяленскаму наконт 500 цэляў у Беларусі, намечаных Украінай
Кіт Келаг: Калі Лукашэнка ўступіць у вайну з Украінай — гэта будзе яго канец
«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў