Як праходзяць палявыя зборы ў школьнікаў — штурмаваць акопы і разбіраць аўтаматы вучаць і дзяўчат
Вось як выглядае лагер на базе воінскай часці пад Мінскам.
Фота тут і далей: «Прысталічча»
Дзесяцікласнікі Мінскага раёна праходзяць навучальна-палявыя зборы на базе воінскай часці 3310. Зборы зрабілі абавязковым этапам курса дапрызыўнай падрыхтоўкі, ад якога залежыць гадавая адзнака, піша «Прысталічча».
Сёлета тут сабралі 176 хлопцаў і дзяўчат з дзесяці школ. Навучэнцы прыехалі з Бараўлян, Заслаўя, Гатава, Ждановічаў, а таксама з Мінска.
Сфармавалі шэсць узводаў па 30 чалавек.
Пад'ём — а 7‑й гадзіне раніцы, далей зарадка, пастраенні, заняткі. Тут праходзіць агнявая, тактычная, інжынерная, медыцынская падрыхтоўка.
«Медыцынская падрыхтоўка цяпер доўжыцца каля 20 гадзін замест ранейшых чатырох-васьмі. Агнявая — да 40 гадзін», — кажа дырэктар лагера, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Бараўлянскай СШ №2 Яўген Цівуноў.
Зборы падоўжылі да дзесяці сутак і перанеслі на базу вайсковай часці, тады як раней яны доўжыліся пяць дзён і праходзілі проста ў школах.
Тэлефоны тут выдаюць на дзве гадзіны на дзень. Дзяцей вучаць прыбіраць лагер, ідэальна запраўляць ложак, хадзіць строем.
Нараўне з хлопцамі ўсе выпрабаванні праходзяць і некалькі дзяўчат.
«Мы трэніруем штурм акопаў і будынкаў, разборку аўтаматаў, медыцыну, тапаграфію, надзяваем процівагазы і АЗК (агульнавайсковы ахоўны камплект), — расказваюць дзяўчаты.
Акрамя заняткаў у школьнікаў ёсць культурная праграма: віктарыны на веданне гісторыі, патрыятычныя фільмы і ваенна-патрыятычнае караоке.