Зяленскі: У нас ёсць акно для перамоў з Расіяй да зімы
«У нас ёсць акно для перамоў, паколькі кожны месяц яны [расіяне] будуць страчваць усё больш людзей, і праз гэта яны страцяць ініцыятыву на полі бою».
Фота: Byron Smith/Getty Images
Уладзімір Зяленскі лічыць, што да наступнай зімы ва Украіны ёсць «акно магчымасцяў» для перамоў з Расіяй аб завяршэнні вайны.
У інтэрв'ю CBS News яго папрасілі пракаментаваць заяву брыгаднага генерала, камандуючага Трэцім армейскім корпусам Андрэя Білецкага пра тое, што Украіна мае 6—9 месяцаў для таго, каб перахапіць ініцыятыву на полі бою ў Расіі і ўмацаваць свае пазіцыі для мірных перамоў, піша «Украінская праўда».
Зяленскі адказаў: «Так, гэта праўда». Паводле яго слоў, са снежня 2025 года Расія пачала страчваць ініцыятыву на полі бою, і ён падзяліўся гэтай інфармацыяй з амерыканскімі партнёрамі.
«У студзені я сказаў ім [партнёрам], што, на маю думку, у нас ёсць акно для перамоў, паколькі кожны месяц яны [расіяне] будуць страчваць усё больш людзей, і праз гэта яны страцяць ініцыятыву на полі бою.
Зараз яны пачалі атакаваць нас масаванымі ракетнымі ўдарамі, і зноў жа, галоўная прычына, па якой яны гэта зрабілі, у тым, што яны пачынаюць прайграваць на полі бою. За месяц яны не змаглі акупаваць больш тэрыторый, чым страцілі цягам таго ж месяца.
Таму зараз у нас ёсць гэты прамежак часу перад зімой. Таму я лічу, што… перад зімой нам трэба знайсці спосаб, дыпламатычны спосаб, сесці і пагаварыць. Але гэта залежыць ад ціску на Пуціна, ціску ў яго грамадстве, і я думаю, што ён узмацняецца, ціску санкцыямі — не адмяняць іх, а ўводзіць новыя. Гэта добра, гэта дыпламатычны шлях».
Разважаючы пра тое, хто можа прадстаўляць Еўропу на перамовах аб міры ва Украіне, Зяленскі згадаў «фармат з трох краін».
«Гэтыя тры краіны — гэта Вялікабрытанія, Францыя і Германія. Гэтыя тры краіны, на мой погляд, могуць выступіць у ролі перамоўшчыкаў. Але ў нас таксама ёсць добрыя партнёры з краін Паўночнай Еўропы, і, як вы ведаеце, Турцыя заўсёды хацела быць пасярэднікам, і мы нават зрабілі некалькі паспяховых крокаў, калі вярнулі нашых ваеннапалонных. Гэта таксама вельмі важна. Але хто будзе ў канцы? Вырашаць, хто гэта будзе, павінны Украіна і Еўропа, і таксама важна, каб Расія была гатовая да перамоў, да дыялогу і да Еўропы», — дадаў прэзідэнт Украіны.