Золаташукальнікі 10 дзён правялі ў затопленай пячоры ў Лаосе, некаторых змаглі выратаваць
У Лаосе выратавалі пяцярых шукальнікаў золата, якія 10 дзён правялі ў затопленай пячоры. Пошукі яшчэ двух працягваюцца. Людзі апынуліся ў пастцы з-за нечаканай паводкі, якую выклікаў лівень, паведамляе Reuters.
Момант выратавання. Скрыншот відэа
Ратавальнікі знайшлі іх яшчэ ў сераду — людзі сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго, на скалістым выступе прыкладна за 300 метраў ад уваходу ў пячору. Але тады іх не змаглі выцягнуць, таму забяспечылі вадой, ежай і тэрмакоўдрамі з фольгі, каб яны маглі сагрэцца, пакуль застаюцца ўнутры, пісала The Guardian.
Пошукі астатніх двух чалавек працягваюцца. Міжнародныя каманды дайвераў пралазяць праз мутную ваду ў вузкіх праходах ва ўмовах дрэннай бачнасці, спрабуючы вызначыць іх месцазнаходжанне. Вада, якая хлынула з-за раптоўнай паводкі, прынесла з сабой пясок і жвір, таму ў вадзе вельмі кепская бачнасць. «Нырцуеце ў каву», — так апісваў сітуацыю адзін з ратавальнікаў. Частку вады адпампоўвалі, але гэта таксама рызыкоўна, бо можа выклікаць абвалы.
Мяркуецца, што мужчыны ўвайшлі ў пячору на мінулым тыдні ў пошуках залатой руды.