«Ганаруся, калі мне кажуць, што я — наіўны». Віктар Бабарыка выступіў на кніжным кірмашы ў Варшаве
Былы палітвязень і прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка расказаў, як ставіцца да таго, што яго часам называюць наіўным, ці адчуваецца падтрымка іншых людзей, калі ты знаходзішся ў рэжыме інкамунікада, што цяпер думае пра тое, што казаў у 2020-м, і ці раіў бы Анджэю Пачобуту вяртацца на радзіму. Сустрэча з палітыкам прайшла ў рамках Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Варшаве 31 траўня. «Белсат» апісаў, што адбывалася.
Сустрэча з Віктарам Бабарыкам у рамках Варшаўскага кніжнага кірмашу на стадыёне PGE Narodowy. Варшава, Польшча. 31 траўня 2026 года. Фота тут і далей: Рауль Дзюк / Белсат
Кніга аб поўным разбурэнні правоў чалавека
Сустрэча з Віктарам Бабарыкам прайшла вакол кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі». Разам з галоўным героем твору на пытанні вядоўцы размовы кіраўніцы Беларускага ПЭНу Таццяны Нядбай адказвала колішняя адвакатка Бабарыкі Наталля Мацкевіч. Яна распавяла, што была ініцыятаркай напісання кнігі і як Сабіна стала яе аўтаркай.
«Сабіна — выдатная журналістка. Мне проста пашчасціла, што я сябрую з ёй. Яна заглыбленая ў тэму правоў чалавека, навучалася на адмысловых курсах ад Доме правоў чалавека. Мы размаўляем на адной мове абароны правоў чалавека, а кніга — менавіта пра гэта. Акрамя таго, не кожны пагадзіўся б узяцца за такую працу. Сабіна была гатовая», — распавяла Наталля.
Кніга «Справа Віктара Бабарыкі» складаецца з пяці пластоў. У першую чаргу асвятляецца палітычная кампанія 2020 года, пастанова Бабарыкі ісці на выбары, мабілізацыя людзей, збор подпісаў. Другі пласт — уласна крымінальная справа, пераслед. Далей — суд. Чацвёрты пласт — ізаляцыя, маўчанне, абмежаванне сувязяў, інкамунікада. Пяты — памяць і фіксацыя падзей 2020 года.
Са слоў Мацкевіч, кніга прысвечаная справе аб паражэнні чалавека ў правах, «не проста аб парушэнні правоў чалавека, а аб іх поўным разбурэнні». Сабіна Брыло зрабіла гэтую ідэю шырэйшай: яна апісвала не толькі юрыдычныя моманты, але і тое, што адбывалася вакол справы, перадавала атмасферу таго часу.
«Было складана паверыць, што цябе памятаюць»
Таццяна Нядбай перадала Віктару Бабарыку пытанне ад аўтаркі кнігі, ці адчуваў ён, калі быў у рэжыме інкамунікада, што хтосьці памятае пра яго штодня, бо яна, Сабіна, памятала, калі працавала над кнігай.
«Для мяне праблема інкамунікада ў замене панятку ведання верай, — адказаў былы палітвязень. — Я ўвесь час імкнуўся штосьці ведаць, а не проста верыць на слова. Інкамунікада пазбаўляе гэтай магчымасці. Калі ты за кратамі, ёсць шмат шляхоў атрымаць інфармацыю з вонкавага свету, так ці інакш паступаюць сігналы. Хтосьці перадае прывітанне, яшчэ што — і ты жывеш ведамі пра тое, што цябе памятаюць. Я каля двух гадоў быў у глухой ізаляцыі. Там ведаў не было, і было складана паверыць, што пра цябе памятаюць».
Адзіным сігналам пра тое, што на волі не забыліся, была двухкілаграмовая пасылка ад сястры, якая прыходзіла раз на паўгода. Тады Віктар разумеў, што пра яго памятаюць:
«Я атрымліваў два кілаграмы бескарысных рэчаў, бо сястра не ведала, што мне патрэбна. Але я разумеў, што мяне памятаюць. Таксама я мог меркаваць, што пра мяне памятаюць дзеці. Усё астатняе выклікала вельмі вялікія сумневы, і я б сказаў, што гэта было самым складаным ——паверыць, што цябе памятаюць. І таму цяпер я кажу — распавядайце ўсім, каб даносілі да людзей у зняволенні, што пра іх памятаюць. Бо гэта важна».
«Адзінае, што хацеў бы змяніць — сітуацыю з сынам»
Віктар Бабарыка распавёў таксама пра тое, якой убачыў судовую сістэму ў 2020 годзе, і як хацеў яе змяніць і разбурыць. Цягам доўгага часу ў Беларусі фармавалася сістэма, у якой у суд прыходзілі пракурор, ведаючы, што той, каго судзяць, вінаваты, сам абвінавачаны, які прызнаваў сваю віну, і адвакаты, якія пагаджаліся з гэтай віной. Іхнай адзінай задачай было зменшыць тэрмін пакарання.
«Так працуе беларускі суд. Калі я апынуўся ў сітуацыі, у якой адвакаты лічаць цябе невінаватым, для іншых асуджаных гэта быў шок. Яны казалі мне, што гэта прывядзе толькі да большага тэрміну. А я задаваў пытанне: за што будзем змагацца — за тэрмін ці невінаватасць? І мне тады сказалі: мы не можа пакінуць сістэму такой, якая яна ёсць, мы павінны рабіць тое, што робім, бо некалі гэта скончыцца. І за ўвесь час за кратамі я сустрэў толькі аднаго чалавека, не палітычнага, які не прызнаў віну. Ён казаў тое самае — мне давядзецца далей жыць, і я хачу жыць сумленным чалавекам. Нельга мяняць тэрмін на перакананні», — распавядае Бабарыка.
Са слоў палітвязня, у ягонай ацэнцы падзеяў, правільнасці ці няправільнасці розных пазіцый нічога не змянілася. Былы палітвязень увесь час стараўся рабіць тое, што лічыў прымальным. Ён адзначае, што нават калі б шэсць гадоў таму ведаў, чым усё скончыцца, гэта наўрад ці змяніла б ягоную пазіцыю.
«Адзінае, што я хацеў бы змяніць — сітуацыю з сынам, які цяпер у закладніках (Эдуард Бабарыка, асуджаны да 10 гадоў зняволення, дагэтуль знаходзіцца за кратамі — рэд.)», — зазначае ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 года.
«Усё ішло да фізічнага завяршэння»
З таго, што ў яго змянілася, Бабарыка вылучае тэарэтычную базу. Гэтаму спрыяла вялізная колькасць часу ў зняволенні, а асабліва ў інкамунікада, на тое, каб думаць.
«І мне не вельмі падабаецца слова «наіўны» у значэнні «дурны». Я думаю, што наіўны — гэта шчыры. У гэтым сэнсе самы наіўны чалавек — Марк Шагал, самая шчырая кніга пра наіўнасць — «Маленькі прынц». Адначасова гэта наймудрэйшая кніга. Таму я ганаруся, калі мне кажуць, што я — наіўны», — кажа былы палітвязень.
Бабарыка дадае, што за кратамі не адчуваў асаблівага страху за сябе, хоць і было «адчуванне, што ўсё ішло да нейкага фізічнага завяршэння»:
«У калоніі мне пацвердзілі — вылічваўся бар’ер болю. Чацвёра содняў бяссоння, холад — і я губляю прытомнасць. Гэта тое, чаго яны дамагаліся.
Было адчуванне, што справа ідзе да завяршэння. Не скажу, што было страшна. Мяне ратаваў узрост. Амаль 60 гадоў. Я разумеў, што шмат людзей да гэтага часу ўжо натуральна скончылі свой шлях. Было шкадаванне, але не панічны страх. Адзіны страх, які мяне мучыў — за дзяцей, бо я нічога не ведаў пра лёс сына».
Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцтва падкрэсліў, што не шкадуе пра ніводнае слова, якое ён сказаў у 2020 годзе, бо тады яны ўсе былі заснаваныя на базе ведаў, якая існавала ў той час. Цяпер гэтая база змянілася, і стала зразумела, што за лайк могуць даць тэрмін, большы, чым за забойства. Да 2020 года такіх ведаў, як і прававога дэфолту, са слоў Бабарыкі, не было.
Пра Пачобута і вяртанне ў Беларусь
Госці сустрэчы запыталіся ў Віктара, што б ён параіў былому палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту, які хоча вяртацца ў Беларусь. Бабарыка найперш папрасіў перадаць прывітанне Анджэю і расказаў, што быў ягоным суседам у СІЗА — ён сам сядзеў у трэцяй камеры, а Пачобут — у чацвёртай. Асабіста, аднак, палітвязні не сустракаліся.
«Ці вяртацца — гэта павінна быць рашэнне Анджэя. Ён дастаткова разумны і разумее, што можа зрабіць па максімуме. Тое, што я ведаў пра яго з завочнага знаёмства — ён разумны, сумленны і адданы сваім ідэям чалавек. Таму я мяркую, што любое ягонае рашэнне будзе ўзважанае і з яго пункту гледжання найболей эфектыўнае. Ёсць рызыка турмы, бессэнсоўнасці. Але самае галоўнае — каб ён рабіў тое, што ўважае для сябе патрэбным і правільным», — адзначыў Віктар.
Яшчэ адно пытанне да Бабарыкі было пра тое, што ён думае пра далейшае развіццё сітуацыі ва Украіне і рызыку пачатку вайны ў Еўропе. Былы палітвязень зазначыў, што цяжка штосьці прадбачыць у сітуацыі, калі рашэнні прымаюць неадэкватныя людзі. Віктар асцерагаецца правакацыйных дзеянняў з боку Расеі, і заклікае «тых, хто стаіць на баку дабра», зрабіць усё, каб перадухіліць магчымую правакацыю, якая можа спрычыніцца да таго, што вайна распаўсюдзіцца на Беларусь. Герой кнігі Сабіны Брыло ўпэўнены, што ў выпадку правакацыі, у вайну найперш будзе ўцягнутая Беларусь, а не краіны Балтыі ці Польшча.
Гульня не скончаная і «адназначна бяспройгрышная»
Бабарыка падкрэсліў, што трэба працягваць рабіць тое, «што мы пачалі ў 2020 годзе», бо «гульня не скончаная», нават калі некалькі яе раўндаў аказаліся на карысць спаборніка:
«Але я перакананы ў тым, што гэтая гульня ўрэшце рэшт бяспройгрышная. Ніхто і ніколі не мог захаваць дыктатуру цягам гістарычна працяглага перыяду. Нават прыклад Паўночнай Карэі як самай трывалай дыктатуры, мае перспектывы памерці. Калі яна пазбавіцца падтрымкі. Таму нашая гульня — свабодная Беларусь — не тое што не скончаная, але адназначна бяспройгрышная».
Наталля Мацкевіч дадала, што яны працягваюць чакаць рашэнне Камітэта правоў чалавека ААН датычна скаргі ў справе Бабарыкі. У заключэнні, якое раней КПЧ ужо дасылаў, ён адзначаў, што нельга было затрымліваць і браць пад варту чалавека, які заявіў, што будзе ўдзельнічаць у крымінальным працэсе, як гэта зрабіў Бабарыка. Цяпер жа ў рашэнні павінна быць прапісанае пра тое, якія правы Бабарыкі былі парушаныя.
«Гэта будзе гістарычны дакумент, у якім будзе напісана, што адбылося з пункту гледжання права. <…>. А калі Беларусь стане дэмакратычнай, павінна будзе з’явіцца рашэнне аб рэабілітацыі Віктара. Хоць, сама рашэнне КПЧ ужо юрыдычна яго рэабілітуе. Таксама можна будзе звяртацца па кампенсацыю, бо адказнасць трэба даводзіць да канца. Тэрмінаў даўніны ў рашэнняў міжнародных органаў няма», — падкрэсліла адвакатка Бабарыкі.
Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года і асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: 235 («Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і 430 («Атрыманне хабару»). Вызвалены 13 снежня 2025 года паводле памілавання пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам Доналда Трампа Джонам Коўлам і вывезены ва Украіну.
Чытайце таксама:
Да Бабарыкі на кніжным кірмашы ў Варшаве стаяла чарга, каб падпісаць кніжку
Віктар Бабарыка думаў стварыць банк для эмігрантаў — але вось чаму адмовіўся ад гэтай ідэі
У Віктара Бабарыкі нарадзіўся ўнук. Яго назвалі ў гонар дзеда