Квартальнаў афіцыйна пакінуў хакейнае «Дынама-Мінск»
Пад кіраваннем Квартальнага «зубры» ў гэтым сезоне правялі найлепшы рэгулярны чэмпіянат у сваёй гісторыі, заняўшы другое месца ў Заходняй канферэнцыі.
Фота: ХК «Дынама-Мінск»
Расійскі трэнер Дзмітрый Квартальнаў афіцыйна пакінуў «Дынама-Мінск», паведамляе прэс-служба «зуброў».
«Сёння адбылася раней запланаваная сустрэча кіраўніцтва клуба з Дзмітрыем Квартальным, падчас якой спецыяліст паведаміў, што прыняў прапанову ўзначаліць іншы клуб і ўжо падпісаў кантракт. «Дынама-Мінск» дзякуе Дзмітрыю Вячаслававічу за трохгадовы цыкл працы і жадае поспехаў у далейшай трэнерскай дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Пад кіраваннем Квартальнага, які трэніраваў клуб два гады, «зубры» ў гэтым сезоне правялі найлепшы рэгулярны чэмпіянат у сваёй гісторыі, заняўшы другое месца ў Заходняй канферэнцыі.
У першым раўндзе плэй-оф мінскае «Дынама» ўпэўнена перамагло сваіх маскоўскіх аднаклубнікаў з лікам 4:0 у серыі. У другім раўндзе беларускі клуб саступіў «Ак Барсу» з лікам 0:4 у серыі.
У сезоне 2024‑2025 яны ўпершыню прайшлі першы этап плэй-оф.