Губернатар Прыморскага краю РФ расказаў, што там з будаўніцтвам беларускага порта
«Трэба трошкі перачакаць».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Вікіпедыя
Праект стварэння беларускага порта ў расійскім Прымор’і знаходзіцца ў рэзерве да паляпшэння эканамічнай сітуацыі. Пра гэта, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў губернатар Прыморскага краю Расіі Алег Кажамяка, перадае БЕЛТА.
«Па гэтым праекце: мы яго трымаем у рэзерве. Калі эканамічная сітуацыя складзецца крыху лепш, мы яго абавязкова запусцім, — сказаў кіраўнік рэгіёна. — Час санкцыйнага ціску, трэба трошкі перачакаць».
Алег Кажамяка сказаў, што праект будзе захоўваць актуальнасць яшчэ доўгі час, таму што пастаўкі тавараў з Паўднёва-Усходняй Азіі ў еўрапейскую частку Расіі, у Беларусь «патрэбныя і важныя, заўсёды будуць запатрабаваныя».
«Порт — гэта вельмі сур’ёзнае збудаванне, значнае па сваіх выдатках. Думаю, што ўсё наперадзе. Мы трымаем у рэзерве гэты праект, пакуль без партнёраў з Беларусі не рэалізуем», — сказаў ён.
Падчас папярэдніх візітаў кіраўніка Прыморскага краю ў Мінск паведамлялася пра намер стварэння там сумеснага порта як важнага пункта на транзітным шляху ў Кітай, які ўяўляе асаблівую цікавасць у святле развіцця Паўночнага марскога шляху.
Пасля страты звыклых балтыйскіх маршрутаў Мінск актыўна шукаў новыя лагістычныя каналы ў Расіі, у тым ліку ў Ленінградскай вобласці, Мурманску і на Далёкім Усходзе. Але ідэя свайго, беларускага порта, пакуль выглядае безнадзейна.