Трамп заявіў, што Ізраіль і «Хезбала» пагадзіліся спыніць баявыя дзеянні, а перагаворы з Іранам працягваюцца
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што правёў перагаворы з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, а таксама прадстаўнікамі «Хезбалы», і пераканаў бакі ў неабходнасці дээскалацыі. Паводле яго слоў, ізраільскі прэм’ер пагадзіўся не накіроўваць войскі ў паўднёвую частку Бейрута, а ліванская групоўка паабяцала спыніць напады, піша ВВС.
Дональд Трамп. Фота: Alex Brandon-Pool / Getty Images
«У мяне адбылася вельмі прадукцыйная размова з прэм’ер-міністрам Ізраіля Бібі Нетаньяху: войскі ў Бейрут не пойдуць, а тыя, што ўжо былі ў дарозе, развернуты. Акрамя таго, праз высокапастаўленых прадстаўнікоў я правёў вельмі канструктыўную размову з «Хезбалой», і яны пагадзіліся, што ўсе баявыя дзеянні будуць спынены — Ізраіль не будзе нападаць на іх, а яны не будуць нападаць на Ізраіль», — напісаў ён у сваёй сацсетцы Truth Social.
У іншым пасце ён заявіў, што перагаворы з Іранам працягваюцца ў інтэнсіўным рэжыме.
Раней у панядзелак іранскае інфармацыйнае агенцтва Tasnim паведаміла, што перагаворная група Тэгерана спыняе ўсе кантакты з ЗША праз пасярэднікаў з-за атак на Ліван.
«Улічваючы працяглыя напады ізраільскага рэжыму ў Ліване, а таксама тое, што Ліван быў адной з папярэдніх умоў спынення агню — якое цяпер парушана па ўсіх кірунках, уключаючы Ліван, — іранская перагаворная дэлегацыя прыпыняе перагаворы і абмен паведамленнямі праз пасярэднікаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Каментуючы гэтыя паведамленні, Трамп заявіў, што Іран не праінфармаваў Вашынгтон пра сваё рашэнне.
«Гэта цалкам дарэчная заява, бо яны лепш вядуць перагаворы, чым ваююць, — сказаў ён у кароткім каментарыі. — Але яны нас пра гэта не праінфармавалі».
«Калі шчыра, я лічу, што мы занадта шмат гаварылі. Думаю, было б вельмі добра проста памаўчаць», — дадаў амерыканскі лідар.