У Полацку паставілі новыя ўязныя знакі. Усе на рускай мове
На выходных Полацку споўнілася 1164 гады. Да Дня горада паставілі новыя ўязныя знакі. Паводле задумы ўладаў, яны павінны стаць своеасаблівай візітнай карткай найстаражытнейшага горада Беларусі, заўважыла BGmedia.
Як паведаміў «Полацкі веснік», новыя канструкцыі з’явіліся на ключавых уездах у горад. Іх выканалі ў адзіным стылі, а кожны элемент дызайну, як сцвярджаецца, сімвалізуе сувязь пакаленняў, пераемнасць традыцый і багатую гісторыю Полацка.
Аўтары праекта лічаць, што знакі павінны прыцягваць увагу турыстаў і падкрэсліваць унікальнасць горада.
Аднак пасля з’яўлення новых аб’ектаў частка палачанаў звярнула ўвагу не на дызайн, а на моўнае афармленне. Уязныя знакі выкананыя на рускай мове — «Полоцк». Гэта выклікала пытанні ў некаторых жыхароў, якія лічаць, што для найстарэйшага горада краіны лагічней было б выкарыстоўваць беларускі варыянт назвы:
- «А беларуская мова, як было раней, ужо не ў трэндзе?»
- «Маглі б на беларускай, ці забыліся ўжо».
Акрамя таго, жыхары горада звярнулі ўвагу і на новы надпіс: «З Полацку пачаўся свет». У канструкцыі адсутнічала першая літара «З».