БЕЛ Ł РУС

Мільёны на «правільных» апытаннях. Як жонка галоўнага прыдворнага сацыёлага Крамля купаецца ў раскошы

1.06.2026 / 23:25

Nashaniva.com

ФБК знайшоў у сям’і кіраўніка ВЦИОМ нерухомасць, аўтамабілі і прадметы раскошы на мільёны даляраў. Валерый Фёдараў больш за 20 гадоў узначальвае дзяржаўную службу, якая маніпулюе грамадскай думкай расіян. А яго жонка скупляе элітную нерухомасць, люксавы аўтапарк, калекцыі брэндавых сумак і каштоўнасцей.

Фонд барацьбы з карупцыяй выявіў у сям’і дырэктара Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ) Валерыя Фёдарава нерухомасць, аўтамабілі і прадметы раскошы на суму больш за 500 мільёнаў расійскіх рублёў (7 млн даляраў), пераказвае «Медуза».

Аўтары расследавання прыйшлі да такой высновы, вывучыўшы фінансавыя дакументы, дадзеныя ўцечак, а таксама інстаграм 30‑гадовай Дар’і Васільевай — другой жонкі кіраўніка сацыялагічнай службы.

Фёдараў узначальвае ВЦИОМ з 2003 года. ВЦИОМ — дзяржаўны сацыялагічны цэнтр, які ў ліку іншага публікуе даследаванні пра давер расіян дзеючай уладзе. Незалежныя СМІ неаднаразова пісалі пра тое, як цэнтр з дапамогай такіх публікацый маніпулюе грамадскай думкай. Фактычна ВЦИОМ фармуе ўяўленне пра тое, што «большасць» расіян падтрымлівае Уладзіміра Пуціна і яго палітычныя рашэнні.

Адзін з апошніх прыкладаў — рэйтынг адабрэння дзейнасці Пуціна, які падае з канца сакавіка на фоне адключэнняў у Расіі мабільнага інтэрнэту, блакіровак тэлеграма і росту коштаў на прадукты.

На фоне зніжэння рэйтынгу цэнтр змяніў методыку апытанняў і стаў праводзіць не толькі тэлефонныя інтэрв’ю, але і пакватэрныя апытанні — то-бок пытацца ў людзей асабіста. Але гэта не дапамагло. Паводле дадзеных апытання, апублікаванага 29 мая, працу Пуціна на пасадзе прэзідэнта адабраюць 67,5% рэспандэнтаў. Гэта на 1,9 працэнтнага пункта ніжэй у параўнанні з вынікамі, апублікаванымі тыднем раней.

Жонка Фёдарава да недаўняга часу вяла блог у інстаграме, распавядаючы пра сваё свецкае жыццё і падарожжы за мяжу.

Так, яны з кіраўніком ВЦИОМ ездзілі ў Францию, Італію, Германію і Азербайджан яшчэ ў 2018 годзе. На той момант Фёдараў быў у першым шлюбе. Пазней ён развёўся і ў 2021‑м распісаўся з Васільевай. У іх ёсць агульнае дзіця.

У сваім інстаграме жонка Фёдарава, сярод іншага, публікавала фота і відэа дарагіх машын і іншых прадметаў раскошы. Як устанавілі ў ФБК, Васільевай належаць:

* аўтамабіль Porsche Cayenne за 175 тысяч даляраў,

* мінівэн Zeekr за 125 тысяч даляраў,

* калекцыя сумак Hermès (як мінімум 24 штукі) прыкладна 740 тысяч даляраў,

* калекцыя ўпрыгожванняў Cartier і Bulgari на 265 тысяч даляраў.

Акрамя таго, Васільева валодае кватэрай плошчай 170 квадратных метров у маскоўскім ЖК «Смаленскі De Luxe» і чатырма машына-месцамі агульным коштам каля 3 мільёнаў даляраў.

Сям’я Фёдарава таксама інвеставала ў нерухомасць у маскоўскіх жылых комплексах «Лужнікі Collection» і Slava Residences. Гэтыя ЖК яшчэ будуюцца, таму невядома, якія дакладна кватэры купілі Фёдаравы. Аўтары расследавання ацанілі 75‑метровыя кватэры там прыкладна ў 2,7 мільёна даляраў.

Як адзначае ФБК, сур’ёзных даходаў у Васільевай няма, а афіцыйныя даходы Фёдарава значна ніжэйшыя за кошт маёмасці яго сям’і. 

Аўтары расследавання лічаць, што Фёдараў «абагачаецца на абслугоўванні інтарэсаў улады» і «праводзіць махінацыі з падрадчыкамі» на бюджэтныя сродкі, якія дзяржава выдзяляе ВЦИОМ на сацыялагічныя даследаванні.

Як устанавілі ў ФБК, структуры сацыялагічнага цэнтра пералічылі сотні мільёнаў рублёў сетцы індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры гэтым многія з іх, сцвярджаецца ў расследаванні, увогуле ніяк не звязаны з сацыялогіяй. Сярод атрымальнікаў выплатаў — фатограф, які цяпер кіруе аквапаркам, пенсіянер, супрацоўнікі турагенцтваў і аўтасалонаў.

Чытайце таксама:

Сярод лідараў краін былога СССР расіяне найбольш давяраюць Лукашэнку — дзяржаўны саццэнтр 

Рэйтынг Пуціна ўпаў да мінімуму з пачатку вайны ва Украіне

Як пройдуць прэзідэнцкія выбары? Журналісты даведаліся версію Крамля

Каментары да артыкула