Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі
У Беларусі імкліва расце спіс кніг, распаўсюд якіх улады лічаць пагрозай нацыянальным інтарэсам. Сёння ў рэестры больш за 250 пазіцый: ад прац пра ГУЛАГ да сусветнай мастацкай класікі, якая масава трапляе пад забарону з-за любых згадак ЛГБТ ці пытання сэксуальнасці. Лёс друкаваных выданняў вырашае спецыяльная Рэспубліканская камісія, у якой шмат сілавікоў.
Дзяніс Язерскі. Фота: Тэлерадыёкампанія «Гомель»
Гэты цэнзурны орган — Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі — з'явіўся пры Міністэрстве інфармацыі ў кастрычніку 2021 года, каб шукаць прыкметы «экстрэмізму» і рэабілітацыі нацызму ў медыя і інтэрнэце.
Міністэрства інфармацыі ў сваіх рэлізах апісвае афіцыйныя крытэрыі, якімі кіруецца камісія пры адборы забароненых выданняў, наступным чынам:
«Друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні пра палавое выхаванне дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці».
Святлана Ціханоўская і сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін каля інсталяцыі з забароненых у Беларусі кніг на Венецыянскім біенале. Фота: прэс-служба Ціханоўскай
Пасля таго як камісія выносіць заключэнне аб «шкоднасці» кнігі, Мінінфарм дадае яе ў адкрыты рэестр. Гандлёвыя сеткі і інтэрнэт-крамы абавязаныя прыбраць гэтыя пазіцыі з продажу. У адваротным выпадку ўлады пазбаўляюць бізнэс ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.
Што забараняюць
Першымі мішэнямі Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі сталі гістарычныя даследаванні. У лік забароненых адразу патрапілі «Нарыс гісторыі Беларусі» Захара Шыбекі, «Таямніцы беларускай гісторыі» Вадзіма Дзеружынскага і зборнік твораў Кастуся Цвіркі. Далей цэнзары ўзяліся за замежных аўтараў. У рэестр уключылі фундаментальныя працы амерыкана-брытанскай даследчыцы Эн Эплбаўм «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона. Падаўленне Усходняй Еўропы». Пазней спіс папоўніўся кнігай польскай даследчыцы Дароты Міхалюк пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, якую забаранілі па ініцыятыве пракуратуры Горацкага раёна за неадпаведнасць дырэктыве Аляксандра Лукашэнкі аб дзяржаўнай ідэалогіі.
Аднак самы масіўны блок забароненай літаратуры звязаны з тэмай чалавечай сэксуальнасці. Пасля таго, як у 2024 годзе Міністэрства культуры фактычна прыраўняла любую дэманстрацыю гомасэксуальнасці і трансгендарнасці да парнаграфіі, пад нож пайшла сусветная мастацкая класіка.
Шкоднымі для Беларусі прызналі творчасць класіка амерыканскай літаратуры Джэймса Болдуіна і яго раман «Пакой Джавані» (1956 год), кнігі брытанскага пісьменніка Крыстафера Ішэрвуда, раман Майкла Канінгема «Дом на краю свету», а таксама аўтабіяграфічны твор Элізабэт Вурцэль «Нацыя празака» і «Калыханку» Чака Паланіка.
«Воблачны атлас» Дэвіда Мітчэла, забаронены ў Беларусі.
Ахвярамі цэнзуры сталі і самыя гучныя літаратурныя хіты апошніх гадоў. Камісія забараніла распаўсюд рамана Дэвіда Мітчэла «Воблачны атлас» (уваходзіў у шорт-ліст Букераўскай прэміі), міжнародны бестселер Мадлен Мілер «Песня Ахіла», кнігі Ханьі Янагіхары і Донны Тарт, а таксама аўтабіяграфію Гарарда Конлі «Сцёрты хлопчык», якая расказвае пра жахі канверсійнай тэрапіі — псеўданавуковай методыкі па змяненні сэксуальнай арыентацыі.
Пошук крамолы сягае нават у пазамінулы век: даходзіць да таго, што дзяржава забараняе класічную гатычную аповесць ірландскага пісьменніка Джозефа Шэрыдана Ле Фаню «Карміла», выдадзеную ў 1872 годзе, толькі таму, што яна ўтрымлівае вобраз вампіркі-лесбіянкі.
Асобны масіў забароненага — гэта сусветная контркультура і літаратура пра жыццё маргіналаў. Дзякуючы камісіі ў Беларусі цяпер нельга легальна набыць культавы раман Хантэра С. Томпсана «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе», «Голы сняданак» Уільяма Бероўза і «На іголцы» Ірвіна Уэлша. У гэтую ж кампанію трапілі творы сучасных расійскіх аўтараў: «Лямпа Мафусаіла» Віктара Пялевіна і антыўтопіі «Дзень апрычніка» і «Цукровы Крэмль» Уладзіміра Сарокіна.
Дзяржаўныя эксперты літаральна вышукваюць згадкі нетрадыцыйных адносін, нават калі яны з'яўляюцца толькі фонам.
Многія згадкі можна адшукаць толькі пры глыбокім пошуку па саміх творах, або ўчытваючыся ў раскіданыя па розных сайтах рэцэнзіі — у любым разе гэта вялікая мэтанакіраваная праца, каб адшукаць новыя кнігі для забароны і канфіскацыі.
Забароненымі аказваюцца малавядомыя любоўныя раманы, дэтэктывы, увесь пласт папулярных японскіх коміксаў, напрыклад, серыі мангі «Такійскі гуль», «Магічная бітва», і кітайскіх фэнтэзі-навэл. Пад забарону патрапіў дзіцячы навук-поп па палавым выхаванні.
Кіраўніцтва: былая міністарка і таваразнаўца з завода
Лідзія Ананіч. Фота: voran.by
Хто ж гэтыя людзі, што вышукваюць крамолу ў кнігах XIX стагоддзя? Склад камісіі зацвярджаецца Саветам Міністраў. Апошняе яго абнаўленне адбылося 25 мая 2026 года. Агулам у складзе 22 чалавекі, якія ўяўляюць сабой мікс чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых структур і дзяржаўных навуковых устаноў.
Узначальвае камісію былая міністарка інфармацыі і экс-дэпутатка Лілія Ананіч. Яе імя ўжо стала сінонімам забаронаў: менавіта ў часы яе кіраўніцтва Мінінфармам у Беларусі пачалі масава блакаваць незалежныя сайты і выносіць папярэджанні прэсе. Публічна забарону кніг яна практычна не каментуе, пакідаючы гэтую ролю свайму намесніку.
Дзяніс Язерскі. Фота: СТБ
Намеснік старшыні камісіі — Дзяніс Язерскі, які паралельна займае пасаду намесніка міністра інфармацыі. У адрозненне ад калег з гуманітарным бэкграўндам ён мае тэхнічную адукацыю, а працоўны шлях пачынаў таваразнаўцам на гомельскім Фанера-запалкавым камбінаце. Уся яго далейшая кар'ера будавалася выключна па ідэалагічнай лініі: ад кіраўніцтва раённым камітэтам БРСМ да пасады галоўнага ідэолага Гомельскай вобласці.
Менавіта Язерскі выступае асноўным спікерам і тлумачыць матывы кніжнай цэнзуры. У сакавіку 2025 года на сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» ён назваў літаратуру заходніх аўтараў шлакам:
«У асноўным расіяне, бізнэс, якія па ліцэнзіях публікавалі, выдавалі ліберальна настроеных еўрапейскіх пісьменнікаў <…> вельмі шмат літаратуры амерыканскай, карэйскай, аўтараў, якія ну чыста прапаганда ЛГБТ, гвалту і іншых абсалютна амаральных рэчаў, якія чужыя абсалютна нашаму ладу».
У кастрычніку 2025 года ў размове з дзяржаўнымі журналістамі намеснік міністра агучыў глабальнае бачанне праблемы ўладамі:
«У гэты спіс уключаныя 173 кнігі, з іх 99% — кнігі, якія папулярызуюць ЛГБТ-парадак, нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, змену полу, жорсткасць і гэтак далей. <…> Моладзь гэта ўсё ўбірае. Нам яшчэ са шмат чым давядзецца сутыкацца. Мы павінны абмяжоўваць, у тым ліку з дапамогай забаронаў, сваё грамадства і моладзь ад згубнага ўплыву, які нацэлены перш за ўсё на тое, каб не было ў нас працягу, каб мы як мага хутчэй зніклі і вызвалілі месца для тых, хто прагне гэтага. Вядома, гэтага дапусціць нельга».
Сілавы блок: ГУБАЗіК, мытнікі і ананімны супрацоўнік КДБ
Асаблівасць Рэспубліканскай камісіі — перавага сілавога блоку. Палова яе — 11 чалавек — гэта супрацоўнікі спецслужбаў, аператыўнікі, мытнікі, памежнікі і ваенныя ідэолагі. Вызначаць, якія кнігі «скажаюць гістарычную праўду» ці «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам» у любым выглядзе, фактычна даручана людзям у пагонах.
Арцём Шкробат. Фота: luka.zone
У складзе камісіі афіцыйна зацверджаны два начальнікі аддзелаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) — Дзяніс Ільяшэвіч і Арцём Шкробат. Следчы камітэт прадстаўляе начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Сяргей Кабаковіч.
Максім Літвінскі. Фота: РТР-Беларусь
Дзяржаўны памежны камітэт дэлегаваў адразу двух прадстаўнікоў. Адзін з іх — намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы Максім Літвінскі. У жніўні 2023 года ён запомніўся выступам у эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Літвінскі адказваў на пытанне аб тым, ці сапраўды беларускія памежнікі пашкоджваюць плот на мяжы, каб дапамагчы мігрантам трапіць у Польшчу:
«Ну, вы ведаеце, гэта… Пф-ф-ф… Такія інсінуацыі… Таму што… Ну… Дзесьці трэба ім павестку інфармацыйную, дзесьці свае пытанні вырашыць… Э-э-э, палітычныя… Таму там напярэдадні выбараў… Таму вось такая вось спроба нагнятаць…»
Юрый Дырман. Фота: СТБ
Таксама мастацкую вартасць кніг у камісіі ацэньвае начальнік аддзела мытных расследаванняў Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Дырман.
Цікава, што калі ў 2021 годзе у складзе камісіі адкрыта фігураваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення КДБ Ігар Жукаў, то з 2023 года проста прапісана абавязковая прысутнасць упаўнаважанай службовай асобы КДБ, імя якой не называецца.
Сяргей Глазырын. Фота: BYPOL
Прыкметны блок у камісіі складаюць вайсковыя ідэолагі. Вайсковую акадэмію прадстаўляюць палкоўнік Сяргей Глазырын і Аляксандр Гараднічэнка, а таксама прафесар Уладзімір Макараў.
Макараў доўгі час працаваў прэс-сакратаром Міністэрства абароны і неаднаразова рабіў рэзанансныя палітычныя заявы. Напрыклад, у 2017 годзе ён так адрэагаваў на петыцыю грамадзян, якія прасілі не праводзіць вайсковыя парады ў межах горада: «Гэтае свята не стала святам беларускіх радыкалаў, тых, хто з'яўляецца ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ».
Уладзімір Макараў. Фота: Наша Ніва
У 2020 годзе ў «Беларускай ваеннай газеце» выйшаў артыкул, які сцвярджаў, што масавыя расстрэлы ў Курапатах праводзілі нямецкія акупанты, а не НКУС. Макараў, абараняючы гэтую публікацыю, заявіў журналістам:
«У нас свабодная краіна, свабодная прэса. І меркаванне вучонага <…> вельмі і вельмі каштоўнае ў гэтым пытанні. <…> Вашы пазіцыі — гэта самы сапраўдны таталітарызм, вы не прыслухоўваецеся да альтэрнатыўнага меркавання. Прыслухайцеся, падумайце, калі ласка».
Тэхнічную экспертызу тэкстаў забяспечвае Юлія Яроцкая — загадчыца лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якая спецыялізуецца на выяўленні дэструктыўнай сімволікі.
Цывільныя
Акрамя Ананіч і Язерскага, Міністэрства інфармацыі прадстаўляюць сакратарка камісіі Анастасія Кудрэйка і Ларыса Мельгуй, якая загадвае сектарам кантролю за заканадаўствам у СМІ.
Рыгор Васілевіч. Фота: Sb.by
Ігар Луцкі. Фота: Sb.by
У камісію таксама ўваходзяць былы генеральны пракурор і экс-старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч і кіраўнік тэлеканала АНТ і сенатар Ігар Луцкі. Луцкі наўпрост звязвае пытанні культуры з геапалітыкай і ўплывам Захаду:
«Паглядзіце на Грузію — замежныя агенты і ЛГБТ-каштоўнасці ледзь не прывялі краіну да канфлікту. Але грузінскі народ і палітыкі своечасова спынілі гэтую сітуацыю».
Ад адукацыйнай сферы ў камісіі прысутнічаюць дзве супрацоўніцы дзяржаўнай Акадэміі адукацыі — Галіна Нікалаенка, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі, і Людміла Філіповіч, начальніца цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай працы, а таксама загадчыца кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ Надзея Шышкіна.
Што тычыцца навукоўцаў, то раней у складзе камісіі прысутнічалі профільныя спецыялісты: намеснік дырэктара Інстытута філасофіі Андрэй Дудчык і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, якія пасля былі з яе выключаны.
У наступных складах камісіі месца прадстаўніка Акадэміі навук займаў Аляксандр Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, якога ў 2026 годзе замяніла Вольга Папко з таго ж Цэнтра. Яна былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.
Мікалай Сухоцкі
Аналагічна ў 2023 годзе Дзмітрыя Безнюка з Інстытута сацыялогіі НАН замяніў яго калега Мікалай Сухоцкі, які выйшаў з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), што абслугоўвае ідэалагічныя патрэбы ўладаў.
Новыя падыходы дзяржавы не абмежаваліся канфіскацыяй кніг. З пачатку 2026 года набылі моц папраўкі ў закон «Аб правах дзіцяці», якія прама забаранілі «прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу і бяздзетнасці». 2 красавіка 2026 года ўвялі новы артыкул у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (19.16 КаАП).
Цяпер праз максімальна размытыя крытэрыі за любое нейтральнае ці пазітыўнае асвятленне гэтай тэматыкі пагражаюць гіганцкія штрафы — да 7400 рублёў для юрыдычных асоб, а ў выпадку доступу да інфармацыі непаўналетніх можна атрымаць да 15 сутак арышту. Тое, што пачыналася як бюракратычная ацэнка мастацкай літаратуры на пасяджэннях камісій, дарасло да паўнавартаснага карнага механізма.