«ЛНР» следам за Крымам увяла ліміт на продаж бензіну
Расійскія акупацыйныя ўлады так званай «Луганскай народнай рэспублікі» ў аўторак увялі ліміт на продаж паліва прыватным асобам. Цяпер у адны рукі адпускаюць не больш за 20 літраў на суткі. Раней аналагічныя абмежаванні пачалі дзейнічаць у анексаваным Крыме.
Пры гэтым увядзенне лімітаў акупацыйныя ўлады тлумачыць не ўдарамі ўкраінскіх беспілотнікаў па нафтабазах і НПЗ, а «павелічэннем попыту».
«З улікам тых запасаў, якія ёсць сёння ў Луганскай Народнай Рэспубліцы, а таксама ўлічваючы рост попыту з боку насельніцтва за мінулыя некалькі дзён, існуе рызыка ўзнікнення дэфіцыту. Прынята рашэнне аб абмежаванні продажу бензіну марак АІ-95, АІ-92 і ДТ — не больш за 20 л. Забарона таксама распаўсюджваецца на прадажу бензіну ў тару», — цытуюць расійскія агенцтвы заяву мясцовага міністра паліва і энергетыкі.
У той жа час эксперты звязваюць паліўны крызіс на акупаваных тэрыторыях з актывізацыяй Сіл абароны Украіны.
Крызіс выкліканы паветранай блакадай украінцамі трасы Р-280 «Наваросія» (Растоў-на-Доне — Сімферопаль), якая стала асноўным маршрутам паставак пасля абмежавання руху праз Крымскі мост і Керчанскі праліў.
Украінскія вайскоўцы ў межах праграмы масава атакуюць транспарт забеспячэння з дапамогай дронаў. Аналітыкі пацвярджаюць сотні выпадкаў знішчэння грузавікоў у тыле, што паралізавала расійскую лагістыку і пакінула паўвыспу без паліва.