БЕЛ Ł РУС

Пра што ішла размова на сустрэчы Ціханоўскай і Стармера

2.06.2026 / 21:31

Nashaniva.com

Сёння ў Лондане Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.

Фота: Simon Dawson / No 10 Downing Street

Як паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай, падчас сустрэчы яна падзякавала Вялікабрытаніі за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, непрызнанне рэжыму Лукашэнкі і санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму.

Што абмеркавалі на сустрэчы:

— неабходнасць далейшай падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці;

— вызваленне і падтрымку палітвязняў;

— падтрымку Украіны і ролю дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскай бяспецы;

— развіццё стратэгічных кансультацый паміж Вялікабрытаніяй і дэмакратычнымі сіламі;

— пытанне адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, у тым ліку ў кантэксце выкрадання ўкраінскіх дзяцей і міжнародных механізмаў правасуддзя;

— бягучую сітуацыю ў Беларусі і працяг рэпрэсій;

— сінхранізацыю палітыкі Вялікабрытаніі і Еўрасаюза па Беларусі, у тым ліку ў пытанні санкцый;

— неабходнасць уздымаць беларускае пытанне на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў межах G7 і G20 (Вялікабрытанія прыме старшынства ў G20 у 2027 годзе);

— залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі.

Асобна Ціханоўская падкрэсліла, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі важная для бяспекі ўсёй Еўропы, у тым ліку Вялікабрытаніі. Яна адзначыла, што беларускае грамадства застаецца праеўрапейскім і антываенным, а незалежныя медыя і грамадзянская супольнасць дапамагаюць беларусам унутры краіны атрымліваць праўдзівую інфармацыю і захоўваць сувязь з Еўропай.

Ціханоўская таксама адзначыла выключную ролю прэм’ер-міністра Стармера ў стварэнні «Кааліцыі ахвотных» у падтрымку Украіны. Яна падкрэсліла, што дэмакратычная Беларусь гатовая быць часткай міжнароднай падтрымкі Украіны, бо будучыня Беларусі і бяспека Украіны непасрэдна звязаныя.

Да таго ж, Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію разгледзець магчымасць далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду.

«Я ўдзячная прэм’ер-міністру Кіру Стармеру і Вялікабрытаніі за прынцыповую пазіцыю па Беларусі. Для нас вельмі важна, што Лондан працягвае падтрымліваць беларускае грамадства і не прызнае легітымнасць рэжыму Лукашэнкі.

Падтрымка дэмакратычнай Беларусі — гэта ўклад у бяспеку ўсёй Еўропы. Беларусь не павінна заставацца ў цені Расіі ці быць разменнай манетай у міжнародных перамовах. Беларусы хочуць жыць у свабоднай, незалежнай і еўрапейскай краіне.

Сёння нам важна, каб партнёры працягвалі падтрымліваць палітвязняў, незалежныя медыя, грамадзянскую супольнасць і ўсіх, хто захоўвае сувязь Беларусі з Еўропай», — адзначыла Ціханоўская. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула