У Ждановічах будуюць мост, які злучыць два раёны сталіцы. Якім ён будзе
Яго працягласць складзе 381 метр.
Маштаб работ па абодва бакі чыгункі ўражвае: на пляцоўцы шмат тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў. У канцы вуліцы Калеснікава, дзе размясціўся бытавы гарадок, аб'ёмы выкананых работ ужо значна большыя. З боку вуліцы Ціміразева перакладаюць інжынерныя камунікацыі, пішуць Мінск-навіны.
— У найноўшай гісторыі Мінска было шмат капітальна адрамантаваных і рэканструяваных штучных збудаванняў, але такі буйны пуцеправод з нуля мы ўзводзім упершыню, — адзначыў дырэктар генеральнага падрадчыка, МБУ № 2 «Мостабуда», Сяргей Рубчэня. — Яго працягласць складзе 381 метр. Ён будзе ўключаць 12 пралётаў, на якіх змантуюць 224 бэлькі: 201 з іх даўжынёй 33 метры (11 пралётаў), адзін пралёт — 18 метраў. Бэлькі своечасова пастаўляе Завод жалезабетонных маставых канструкцый «Дарбудіндустрыі» з Фаніпаля.
Пуцеправод будзе мець па тры паласы руху ў кожным кірунку. Яго шырыня будзе вагацца прыкладна ад 38 метраў у пачатку да 44 метраў на пад'язных з'ездах.
Каардынацыйны штаб на аб'екце праходзіць штотыдзень з удзелам заказчыка і ўсіх датычных арганізацый. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 36 месяцаў, аднак генеральны падрадчык і субпадрадчыкі плануюць, па магчымасці, яго скараціць.
Новы пуцеправод забяспечыць прамое злучэнне паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным, а таксама значна скароціць аб'езд праз МКАД. Акрамя таго, прамая транспартная сувязь дазволіць істотна разгрузіць суседнія развязкі ў раёне Ждановічаў.
— Узвядзенне пуцеправода пачалося ў сакавіку з падрыхтоўчага этапу: арганізацыі будаўнічай пляцоўкі, стварэння пад'ездаў, пешаходнай сувязі, устаноўкі бытавога гарадка і завозу матэрыялаў, — расказаў начальнік участка МБУ № 2 Раман Залуцкі. — Цяпер на аб'екце задзейнічана каля 60 спецыялістаў нашага ўпраўлення і калег з МБУ № 6, якія працуюць вахтавым метадам, кругласутачна, без выхадных. З улікам субпадрадчыкаў прыцягнута больш за 30 адзінак тэхнікі.
Паводле слоў Рамана Залуцкага, для яго ждановіцкі волат не ўяўляе асаблівых цяжкасцей. Выпускнік БНТУ па спецыяльнасці «масты і тунэлі», ён працуе ў МБУ № 2 ужо 13 гадоў і мае ў паслужным спісе больш за 20 мастоў і пуцеправодаў.
— Тут усё проста і зразумела. Асноўная тэхналагічная складанасць на гэтым аб'екце — толькі адзін пралёт праз чыгунку, — удакладніў начальнік участка МБУ № 2.
— Для параўнання: леташняя рэканструкцыя пуцеправода ў раёне вуліц Талстога і Бабруйскай, завершаная за дзевяць месяцаў замест прадугледжаных 24, была значна складанейшай. Па-першае, з-за інфраструктуры, якую ён перасякаў: некалькіх чыгуначных напрамкаў, метро, што праходзіць пад ім, трамвайнага кальца, тралейбусных і аўтобусных ліній. А па-другое, з-за цэнтральнай 162‑метровай сталёвай секцыі масай 750 тон, якая, дарэчы, дазволіла падоўжыць разліковы тэрмін службы канструкцыі да 100 гадоў.
Трэцяе кальцо
— Тут нам неабходна ўлічваць вялікую колькасць камунікацый, якія перасякаюцца на розных узроўнях і праходзяць па тэрыторыі ГЦ «Ждановічы», — адзначыў Раман Залуцкі. — Гэта газаправод, гаспадарча-бытавая каналізацыя, сеткі сувязі, электрычныя кабелі, цеплатраса, вадаправод і іншыя. Прычым усе яны не выводзяцца за межы плямы забудовы, а перакладаюцца ў міжапорную прастору пуцеправода.
Будаўніцтва апор пуцеправода — іх будзе 13 — вядзецца паэтапна, па меры пераносу інжынерных сетак. У кожнай апоры выкарыстоўваецца ад 12 да 14 стоек. Як толькі новы фронт работ вызваляецца ад камунікацый, на яго адразу выходзяць мостабудаўнікі.
На сённяшні дзень узведзены тры апоры, узводзяцца яшчэ дзве; паралельна выконваецца ўладкаванне буранабіўных паль для яшчэ дзвюх апор. Таксама пачаліся работы па ўзвядзенні падпорных сцен.
На першых трох пралётах ужо выкананы мантаж жалезабетонных бэлек даўжынёй 33 метры і масай больш за 60 тон кожная.
Паводле слоў Залуцкага, праблем пры пераходзе праз чыгуначныя шляхі чакаць не варта: Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі заўсёды ідзе насустрач і прадастаўляе неабходныя «вокны» для работ.
Пуцеправод — адна з дзвюх чаргаў маштабнага будаўніцтва ў гэтым раёне. Паралельна ідзе рэканструкцыя вуліцы Калеснікава і завулка Масюкоўшчыны, дзе з'явіцца новая вуліца з рабочай назвай Праектаваная.
У другой чарзе работы закрануць таксама вуліцу Ціміразева з неабходнай дарожнай і святлафорнай інфраструктурай.
У сукупнасці гэтыя этапы азначаюць пачатак будаўніцтва трэцяга транспартнага кальца, якое ў перспектыве злучыць паміж сабой і іншыя раёны Мінска.