Памерла Любоў Санкевіч з Бабруйска. Яна публічна прасіла прабачэння за тое, што ў 1994‑м галасавала за Лукашэнку
Пра смерць жанчыны стала вядома з яе сацыяльных сетак. Жанчыну пахавалі 27 мая.
Фота: Радыё Свабода
Любоў Санкевіч стала вядомай яшчэ ў 2003 годзе, калі трымала галадоўку пратэсту супраць звальнення з працы. Нашмат пазней, 22 чэрвеня 2017 года Беларусь убачыла яе ў інтэрв’ю на пікеце салідарнасці ў Мінску, дзе яна публічна папрасіла прабачэння за тое, што ў 1994 годзе галасавала за Аляксандра Лукашэнку, піша Радыё Свабода.
Па вяртанні ў родны Бабруйск на вакзале пенсіянерку затрымалі міліцыянты і павезлі ва ўправу складаць пратаколы. Там спадарыні Санкевіч стала дрэнна, яна выклікала хуткую дапамогу і трапіла ў бальніцу, з якой выйшла пазней.
Любоў Санкевіч расчаравалася ў Лукашэнку таму, што яго словы ніяк не адпавядалі дзеянням. Бухгалтарка па прафесіі, яна бачыла неадпаведнасці ў лічбах, эканамічных паказчыках, на што і звяртала ўвагу грамадства.
«Калі б не карупцыя, якую развёў Лукашэнка вакол сябе, мы жылі б як у Еўропе. Грашовыя ўклады не вярнуў, кватэру, якую я атрымала яшчэ ў СССР, даводзіцца выкупляць», — гаварыла яна «Свабодзе» ў 2017 годзе.
Жанчына выйшла на пенсію ў Бабруйску, дзе працавала бухгалтаркай на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. У 2003 годзе яе звольнілі з працы, і яна пачала судзіцца, бо лічыла пастанову аб звальненні незаконнай.
Санкевіч казала, што кіраўніцтва звольніла яе за тое, што яна спрабавала выкрыць факты раскрадання маёмасці і розных злоўжыванняў на прадпрыемстве. А затым абвясціла галадоўку, заявіўшы пра фальсіфікацыю сваёй судовай справы. Яна сцвярджала, што Міністэрства юстыцыі, куды яна скардзілася, нават не запатрабавала з Бабруйска ўсіх патрэбных дакументаў, каб сапраўды разабрацца.
Сын Любові Санкевіч хадзіў у адзін клас з сынам былой кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, але тая аднойчы адмовіла ёй у юрыдычнай дапамозе.
Любоў Санкевіч расказвала пра выпадкі хабарніцтва ў родным горадзе, была яна актыўнай і палітычнай — працавала назіральніцай на выбарах, гаворачы пра падтасоўкі і фальсіфікацыю вынікаў. Уваходзіла ў «Грамадзянскую ініцыятыву супраць беззаконня ў судах і пракуратуры», ладзіла пікеты як у Бабруйску, так і ў Мінску. Неаднойчы трапляла за гэта ў суд, дзе ўлады прызначалі ёй штрафы.