«Ажыятаж вялікі». Беларусаў запрашаюць на палі півоняў
Наступныя выходныя — 6—7 чэрвеня — можна будзе пабываць на экскурсіі па палях півоняў.
Арганізуюць яе ў гаспадарцы, якая стала вядомай дзякуючы гектарам цюльпанаў, — «Знаходка Палесся» паблізу аграгарадка Тышковічы. Фармат — пробны: турысты змогуць пабываць тут упершыню, піша Onliner.by.
Як расказаў журналістам дырэктар гаспадаркі Раман Шпак, масавага доступу на поле, як у выпадку з цюльпанамі, не будзе. Сюды трапяць толькі ўдзельнікі некалькіх арганізаваных тураў.
Спачатку ён быў супраць гэтай ідэі. Усё звязана з тэхналогіяй вырошчвання півоняў. Півоні высаджваюць непасрэдна дзеля кветак. І зразаюць іх не раскрытымі, а ў выглядзе шарыкаў.
Усяго півонямі засаджана 3 гектары.
Так палі выглядалі ў мінулым годзе:
«У нейкай ступені гэта больш нагадвае прамысловы турызм. Ведаеце, як прыязджаюць на малочны камбінат глядзець на вытворчасць сыркоў. Мы таксама будзем расказваць пра тэхналогію, паліў, паказваць, як усё ўладкавана.
Але будзе і яшчэ адна асаблівасць: можна будзе сабраць букет проста на полі. 5 півоняў для кожнага ўключаны ў кошт».
Сёння можна палюбавацца чырвонымі півонямі, каралавыя ўжо адцвілі. На падыходзе — ружовыя і белыя, ёсць шанцы, што яны расцвітуць да выходных.
Раман расказвае, што побач з гаспадаркай ёсць пустуючыя 7 гектараў і плануюць зрабіць там сад. Калі ўсё атрымаецца, там абавязкова высадзяць і півоні. Але палюбавацца імі можна будзе ўжо ў наступных сезонах.
Што тычыцца будучай экскурсіі, яе арганізуе тураператар Amazing day. Выезды запланаваны з Мінска і з Гродна. Ёсць варыянты камбітуры з наведваннем Косава, Моталя і Грушаўкі, што ў Ляхавіцкім раёне, на выбар. Кошт такой паездкі — 200 рублёў. Наведванне толькі палёў півоняў — 170 рублёў.
У апісанні да публікацыі арганізатары нават адзначылі, што «пост выклікаў вялікі ажыятаж, і Instagram зноў вынес нам папярэджанне: алгарытм лічыць, што ўсе вашы каментары па запыце праграмы — атака ботаў». Дарэчы, за 18 гадзін пад ім пакінулі каля 600 каментароў.