БЕЛ Ł РУС

Мітрапаліта Іларыёна, у машыне якога знайшлі белы парашок, Масква перавяла з Чэхіі ў бразільскае захалусце

3.06.2026 / 17:51

Nashaniva.com

Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл вызначыў новае месца службы для мітрапаліта Іларыёна (Алфеева). Яго адправілі ў Аргенцінска-Паўднёваамерыканскую епархію.

Адпаведны ўказ патрыярха з’явіўся на афіцыйным сайце РПЦ. Згодна з дакументам, іерарху загадана пастаянна знаходзіцца ў Бразіліі. Месцамі яго службы вызначаны храм святых апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Санта-Роза і храм святога апостала і евангеліста Яна Багаслова ў горадзе Кампіна-дас-Місойнс.

У паведамленні Патрыярхату адзначаецца, што мітрапаліт Іларыён «з аб'ектыўных абставін» не можа служыць у Карлавых Варах, таму яго накіроўваюць у Аргентынска-паўднёваамерыканскую епархію.

Гэтаму рашэнню папярэднічаў гучны скандал у Еўропе.

Іерарха РПЦ затрымалі ў нядзелю 24 траўня ў Чэхіі — у яго машыне былі выяўленыя «кантэйнеры з белым рэчывам».

Расійскі бок запатрабаваў «неадкладнага вызвалення» мітрапаліта і спынення «ганенняў на прадстаўнікоў РПЦ у Чэхіі».

30 мая мітрапаліт Іларыён вярнуўся ў Расію. Цяпер замест еўрапейскіх парафій расійскаму іерарху давядзецца служыць у Паўднёвай Амерыцы.

Хто такі мітрапаліт Іларыён?

У мінулым Іларыён (Алфееў) быў кіраўніком Аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату і лічыўся адным з самых набліжаных да патрыярха Кірыла людзей. У 2022 годзе яго прызначылі кіраўніком Будапешцкай епархіі РПЦ.

Аднак пасля гучнага скандалу, звязанага з абвінавачаннямі ў дамагальніцтвах, Іларыён быў адпраўлены ў храм святых Пятра і Паўла ў знакамітым курортным горадзе Карлавы Вары, дзе пражывае вялікая расійская дыяспара.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула