БЕЛ Ł РУС

Новы трэнд у вясельнай модзе: на змену сукенцы прыходзіць касцюм са спадніцай

9.06.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

У апошнія гады ў белай вясельнай сукенкі з’явіўся нечаканы канкурэнт — касцюм са спадніцай. Такія вобразы ўсё часцей выбіраюць знакамітасці, а дызайнеры ўключаюць іх у калекцыі высокай моды. 

Калум Тэрнер і Дуа Ліпа. Фота: dualipa / Instagram

Чаму гэта адбываецца, разбіралася выданне Harper’s Bazaar.

Вобраз спявачкі Дуа Ліпы на нядаўнім вяселлі з акцёрам Калумам Тэрнерам стаў адной з самых абмеркаваных модных падзей апошняга тыдня. Прычынай быў не толькі статус зоркі, але і яе выбар: прыталены жакет з сюррэалістычнымі залатымі гузікамі і вузкая прамая спадніца ад Schiaparelli, якая ззаду пераходзіла ў шлейф.

Дуа Ліпа ў вясельным касцюме. Фота: dualipa / Instagram

На вясельны вобраз, спявачку, падобна, натхніла Б'янка Джагер. Калі былая актрыса Б'янка выходзіла замуж за легенду музыкі Міка Джагера ў 1971 годзе, на ёй быў белы смокінг ад Yves Saint Laurent, доўгая шаўковая спадніца косага крою і вялікі капялюш.

Вяселле Б'янкі і Міка Джагера. Фота: Express Getty Images

І хоць для большасці нявест касцюм са спадніцай па-ранейшаму застаецца нетыповым выбарам, у свеце моды гэты сілуэт усё часцей называюць адным з галоўных вясельных трэндаў бліжэйшых гадоў.

Раней касцюм часта абіралі жанчыны, якія хацелі выглядаць элегантна, але не жадалі ісці шляхам класічнай нявесты ў пышнай белай сукенцы.

Сярод іх была французская мадэль і дызайнерка Інэс дэ ля Фрэсанж. На ўласным вяселлі ў 1990 годзе яна з'явілася ў крэмавым жакеце і капелюшы з вэлюмам — рашэнні, якое рэзка кантраставала з пышнай эстэтыкай канца 1980-х.

Інэс дэ ла Фрэсанж у касцюме Yves Saint Laurent на сваім вяселлі ў 1990 годзе. Фота: James Andanson / Sygma via Getty Images

Пазней, у 2008 годзе падобны выбар зрабіла і гераіня фільма «Сэкс у вялікім горадзе» Кэры Брэдшоў. Для шлюбу яна спачатку абрала крэмавы вінтажны строй са спадніцай, але пазней паддалася на ўгаворы і спынілася на раскошнай сукенцы.

Аднак і ў модзе, і ў папулярнай культуры такія вобразы доўгі час заставаліся хутчэй выключэннем, чым правілам. Большасць нявест па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным сукенкам.

Чаму касцюм?

Сітуацыя пачала мяняцца разам са зменай самога разумення вяселля. Пасля гадоў, калі сацыяльныя сеткі падштурхоўвалі пары да ўсё больш маштабных і дарагіх святкаванняў, расце папулярнасць камерных цырымоній. Многія пары выбіраюць грамадзянскую цырымонію рэгістрацыі, невялікія сямейныя ўрачыстасці або свядомы мінімалізм замест грандыёзнага шоу.

Chanel, калекцыя вясна-2026. Фота: chanel.com

Змяніліся і патрабаванні да вясельнага ўбору. Сучасныя нявесты ўсё радзей шукаюць вобраз казачнай прынцэсы. Значна важней выглядаць арганічна і захоўваць уласны стыль. Таму замест пышных сукенак з карсэтамі яны ўсё часцей выбіраюць рэчы, якія нагадваюць іх паўсядзённы гардэроб, але ў больш урачыстым выкананні.

Tom Ford, калекцыя восень-2026. Фота: Tom Ford / wwd.com

У касцюма са спадніцай ёсць яшчэ адна перавага — практычнасць. Калі вясельная сукенка пасля свята найчасцей адпраўляецца ў шафу на дзесяцігоддзі, то жакет і спадніцу можна насіць асобна і пасля вяселля. Для пакалення, якое ўсё больш задумваецца пра разумнае спажыванне, гэта важны аргумент.

Schiaparelli, калекцыя восень-2026. Фота: schiaparelli.com

Трэнд падтрымліваюць і вядучыя модныя дамы. Падобныя сілуэты апошнім часам з'яўляюцца ў калекцыях Schiaparelli, Tom Ford і Chanel. Дызайнеры прапануюць сучаснае прачытанне класічнага жаночага касцюма — з акцэнтаванай таліяй, выразнымі плячыма і вузкімі спадніцамі.

Паказ Chanel Haute Couture, вясна-2026. Фота: modernmetrogirl / instagram

Знакамітасці таксама спрыяюць адаптацыі гэтага трэнду. Падчас прэс-туру фільма «Драма» Зэндэя фактычна прадэманстравала, як можа выглядаць сучасны, менш фармальны вясельны гардэроб. Адным з самых яркіх вобразаў стаў светлы касцюм са спадніцай ад Stella McCartney. 

Зэндэя на шоу Джэніфер Хадсан, красавік 2026 года. Фота: Chris Haston / WBTV via Getty Images

Верагодна, касцюм са спадніцай ніколі не выцесніць традыцыйную вясельную сукенку. Але ўсё сведчыць пра тое, што ён ужо заняў сваё месца сярод галоўных альтэрнатыўных варыянтаў для нявест.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула