Вясельны квэст у эміграцыі: беларусы расказалі, як бралі шлюб у замежжы
Анлайн-цырымонія за пяць хвілін, паездка ў Грузію або чаканне рашэння польскага суда больш за год. Беларусы ў эміграцыі знаходзяць розныя спосабы зарэгістраваць шлюб. MOST вывучыў іх досвед, даведаўся, колькі каштуюць розныя варыянты, якія дакументы спатрэбяцца і з якімі складанасцямі можна сутыкнуцца.
Фота: vecteezy.com
Чаму нельга проста ажаніцца ў новай краіне
Шматлікія краіны, у тым ліку Польшча, патрабуюць пацвердзіць, што іншаземец мае права ўступіць у шлюб. Для гэтага беларусам трэба прадаставіць даведку з консульства, што для жаніцьбы няма перашкод. А для гэтага, у сваю чаргу, патрэбна іншая даведка — пра тое, што чалавек не знаходзіцца ў шлюбе.
З 2023 года такія даведкі выдаюць толькі ў Беларусі — асабіста заяўніку або іншай асобе па даверанасці, але аформленай у Беларусі. Тыя, хто не могуць паехаць за такой даведкай на радзіму, павінны альбо атрымаць рашэнне суда, якое вызваліць іх ад прадастаўлення падобнага дакумента, альбо шукаць альтэрнатыўныя шляхі зарэгістраваць адносіны.
Цырымонія доўжылася пяць хвілін
Вераніка (імя зменена) і яе партнёр жывуць у Польшчы, але шлюб вырашылі заключыць праз амерыканскі штат Юта, заказаўшы там анлайн-роспіс. Калі б яны рэгістравалі адносіны ў Польшчы, працэс мог зацягнуцца з-за неабходнасці звяртацца ў суд.
Для арганізацыі шлюбу пара звярнулася ў агенцтва, якое займаецца такімі рэгістрацыямі. За яго паслугі сужэнцы заплацілі 500 еўра. Увесь працэс заняў каля месяца: у канцы красавіка ім прызначылі цырымонію, а ў канцы мая прыйшло пасведчанне аб шлюбе з апастылем.
— Нам прапаноўвалі дату ледзь не на наступным тыдні, але мы хацелі выбраць сваю. Складанасцяў асабліва не было, там не патрабуюць ніякіх дакументаў, акрамя фатаграфіі пашпарта і запоўненай анкеты з асабістымі дадзенымі.
Сама цырымонія шлюбу праходзіла анлайн.
— Яна доўжылася літаральна пяць хвілін. Нам прапанавалі даплаціць 100 еўра за больш урачыстую цырымонію на 15 хвілін, але мы адмовіліся.
Далейшым прызнаннем амерыканскага пасведчання аб шлюбе ў Польшчы маладыя займаюцца самастойна.
Нечакана больш за ўсё пытанняў у пары ўзнікла не да рэгістрацыі шлюбу, а да магчымага разводу. Калі пабрацца шлюбам у Юце можна, ні разу там не пабываўшы, то для скасавання шлюбу туды трэба ехаць.
— Для разводу, наколькі я ведаю, трэба пражыць тры тыдні ў Юце, мы праверылі гэтае пытанне на ўсякі выпадак. Але абодва прынялі рашэнне, што нас гэта не бянтэжыць. Калі нешта адбудзецца, то вырашым ужо па факце. Але мы доўга пра гэта размаўлялі.
Вераніка смяецца, што менавіта гэтая асаблівасць амерыканскага штата больш за ўсё цікавіла і навакольных.
— Усе сябры, хто даведваўся пра тое, што мы жэнімся ў Юце, нас папярэджвалі пра развод.
Вясельнай урачыстасці ў пары пакуль не было.
— Адзначылі толькі з бацькамі, думаем яшчэ над тым, каб правесці вяселле на першую-другую гадавіну.
«Акрамя пашпарта і грошай, нічога не трэба»
У Threads многія карыстальнікі таксама дзеляцца досведам рэгістрацыі шлюбу в Юце. Сярод галоўных пераваг называюць невялікую колькасць дакументаў і хуткасць афармлення.
«Там акрамя пашпарта і грошай, нічога не трэба. А яшчэ патрэбны два сведкі — імі могуць быць хто заўгодна», — піша карыстальніца katskonastya.
Кошт рэгістрацыі ва ўдзельнікаў абмеркавання склаў каля 280—300 долараў. Так, карыстальніца stepwise.space распавяла, што разам з апастылем заплаціла каля 280 долараў. Затым сужэнцы пераклалі дакументы за 500 злотых (140 долараў), аплацілі пошліну ў польскім загсе і зарэгістравалі пасведчанне аб шлюбе ў Польшчы.
Што трэба для рэгістрацыі шлюбу ў Юце
Паводле дадзеных уладаў акругі Юта, для анлайн-рэгістрацыі шлюбу сужэнцам спатрэбяцца дакументы, што сведчаць асобу, два паўналетнія сведкі і доступ да відэасувязі. Асобную даведку пра тое, што чалавек не знаходзіцца ў шлюбе, прадастаўляць не трэба.
Пасля цырымоніі сужэнцы атрымліваюць пасведчанне аб шлюбе. Калі яны плануюць выкарыстоўваць яго ў Польшчы, дакумент трэба апастыляваць, перакласці на польскую мову і прадаставіць у польскія органы.
«Максімальна прыемны досвед, хоць думалі, што трэба будзе «падняць асфальт»
Некаторыя беларусы выбіраюць іншыя краіны.
Карыстальніца _caterina_make_up распавяла, што яны з мужам вырашылі пажаніцца ў Грузіі.
«Выбралі варыянт без замарочак з дакументамі, паляцелі ў Грузію. І лічым, што зрабілі правільна», — піша яна.
Для рэгістрацыі шлюбу ў Грузіі спатрэбяцца дакументы, якія сведчаць асобу, а таксама два паўналетнія сведкі. Калі хтосьці з сужэнцаў раней знаходзіўся ў шлюбе, трэба прадаставіць дакументы аб яго прыпыненні. Рэгістрацыя шлюбу бясплатная.
Іншыя пары выбіраюць Данію. Catherinewasilyewa распавядае, што працэдура аказалася значна прасцейшай, чым яны з мужам чакалі.
«Ляцець з Гданьска менш за гадзіну, і рэйсы некалькі разоў на дзень. Абышліся без перакладаў дакументаў, пакет максімальна просты, дзяржпошліну наогул вярнулі на карту, а апастыль паставілі за пяць хвілін. Максімальна прыемны досвед, хоць думалі, што трэба будзе «падняць асфальт».
Для рэгістрацыі шлюбу ў Даніі спатрэбяцца дакументы, якія сведчаць асобу. Акрамя таго, улады могуць запытаць пацверджанне законнага знаходжання ў краіне і дакументы аб прыпыненні папярэдняга шлюбу, калі ён быў. За разгляд заявы на рэгістрацыю шлюбу спаганяецца збор у памеры 2100 дацкіх крон (каля 330 долараў).
Чакаюць дазволу паўтара года
Многія беларусы Польшчы, якія не могуць атрымаць на радзіме даведку аб магчымасці заключыць шлюб, вымушаны звяртацца ў польскі суд з просьбай вызваліць іх ад абавязку прадастаўляць гэты дакумент.
У Threads карыстальнікі абмяркоўваюць, колькі часу займае чаканне рашэння суда. Адны распавядаюць, што атрымалі яго праз чатыры месяцы, іншыя чакалі каля васьмі. Аднак некаторым парам даводзіцца чакаць значна даўжэй.
Дана атрымала прапанову рукі і сэрца ў снежні 2024 года. Тады ж пара даведалася, што для рэгістрацыі шлюбу ў Польшчы спатрэбіцца рашэнне суда: жаніх і нявеста знаходзяцца пад міжнароднай абаронай. Дакументы яны падалі ў Сасноўцы, дзе жылі на той момант.
— Нам казалі, што чакаць рашэння давядзецца прыкладна ад паўгода да года. Нас гэта задавальняла: мы нікуды не спяшаліся.
Рэгістраваць шлюб за межамі ЕС пара не хацела: у Даны скончыўся пашпарт, а з праязным дакументам, які яго замяняе, яна асцерагаецца лятаць за межы Шэнгенскай зоны. Анлайн-рэгістрацыю таксама не разглядалі.
— Хацелася ўсё ж такі распісацца ў загсе, абмяняцца пярсцёнкамі і прайсці праз усё гэта ўжывую.
З моманту падачы дакументаў прайшло ўжо паўтара года. Тым не менш шукаць альтэрнатыўныя варыянты будучыя сужэнцы не збіраюцца.
— Нават калі б мы загадзя ведалі, што працэс настолькі зацягнецца, усё адно пайшлі б гэтым шляхам. Проста, магчыма, злаваліся б не так моцна.