БЕЛ Ł РУС

Германія, Францыя і Брытанія распрацоўваюць план далучэння Расіі да перамоваў

4.06.2026 / 07:25

Nashaniva.com

Гэтыя тры краіны лічаць, што момант, калі Пуцін будзе змушаны сесці за стол перамоў, блізкі.

Фота: Kay Nietfeld-Pool/Getty Images

Група ключавых еўрапейскіх саюзнікаў Украіны — Германія, Францыя і Вялікабрытанія — сумесна з Кіевам распрацоўвае планы па прыцягненні Расіі да перамоў з мэтай спынення вайны, паколькі бачыць змену дынамікі, якая ўмацоўвае пазіцыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, піша Bloomberg.

Тры найбуйнейшыя эканомікі Еўропы таксама абмеркавалі гэтае пытанне са сваімі ўкраінскімі калегамі, паведамілі суразмоўцы Bloomberg на ўмовах ананімнасці.

Паводле крыніц Bloomberg, на фоне зацягвання перамоў пад эгідай ЗША і росту страт расійскіх войскаў ва ўмовах тупіковай сітуацыі на полі бою гэтыя тры краіны бачаць магчымасць патэнцыйна прыцягнуць Пуціна да стала перамоў.

«Ціск на Крэмль узмацняецца таксама тым, што ўкраінскія войскі дасягаюць усё большых поспехаў у нанясенні ўдараў беспілотнікамі ўглыб тэрыторыі Расіі, а таксама з'яўляюцца пэўныя прыкметы супраціву вайне Пуціна на найвышэйшых узроўнях у Маскве», — гаворыцца ў публікацыі.

Праводзячы перамовы менавіта цяпер, саюзнікі імкнуцца пазбегнуць чарговай зімы, падчас якой Расія, верагодна, узмоцніць атакі на грамадзянскае насельніцтва і энергетычную інфраструктуру, паколькі Пуцін спрабуе падарваць баявы дух украінцаў.

Крыніцы Bloomberg падкрэслілі, што канчатковае рашэнне аб тым, ці працягваць спробы перамоў з Расіяй, належыць Зяленскаму, і што еўрапейскія краіны не будуць ціснуць на ўкраінскага прэзідэнта, каб ён прыняў стратэгію, з якой не згодны.

Паводле крыніц выдання, у бліжэйшыя дні прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер павінен правесці перамовы з канцлерам Германіі Мерцам і прэзідэнтам Францыі Макронам.

Зяленскі папярэдзіў, што Украіне тэрмінова патрэбныя дадатковыя сістэмы Patriot і іншыя сродкі супрацьпаветранай абароны, паколькі Расія працягвае бамбардзіроўкі гарадоў краіны.

У мінулым месяцы ён заявіў, што Еўропа павінна паспрабаваць адыграць сваю ролю ў перамоўных намаганнях, якія да гэтага часу пераважна ўзначальваліся ЗША. Прэзідэнт Украіны неаднаразова заклікаў саюзнікаў узмацніць ціск на Маскву, піша «Украінская праўда».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула