У Мінску здаюць кватэру за 15 000 рублёў на месяц
Аб’ява аб здачы жылля ў сталіцы прымусіла многіх беларусаў схапіцца за галаву.
Фота: nedvizhka_minsk / Threads
У Threads завірусілася аб’ява аб арэндзе кватэры ў Мінску. Уся справа ў цэнніку — 15 000 рублёў, або крыху больш за 5300 даляраў у месяц, піша Tochka.by.
Некаторыя карыстальнікі нават вырашылі, што аўтар паста выпадкова дадаў лішні нуль, але не.
Гаворка ідзе пра чатырохпакаёвыя апартаменты на вуліцы Старажоўскай (гэта — «Дом Чыжа»). Агульная плошча жылля складае 207 м².
Унутры — тры асобныя спальні, прасторная гасцёўня і панарамны від на Свіслач з 11‑га паверха.
Але сапраўдная разынка — колькасць санвузлоў. У аб’яве пазначана, што ўласная прыбіральня ёсць у кожнай спальні. Акрамя таго, яшчэ адзін прадугледжаны для гасцей.
Мяркуючы па фотаздымках, інтэр’ер выкананы ў сучасным прэміяльным стылі: дарагое аздабленне, дызайнерскія свяцільні і мэбля. Карацей кажучы, гэта варыянт відавочна не для тых, хто шукае аднапакаёвую кватэру каля метро.
Аб’ява хутка сабрала дзясяткі каментарыяў. Некаторыя карыстальнікі прызналіся, што нават не падазравалі пра існаванне такіх коштаў на арэнду ў Мінску.
Іншыя пачалі параўноўваць кватэру з замежнай нерухомасцю. Паводле слоў каментатараў, за такія грошы, а часам і танней, можна арандаваць раскошную вілу дзесьці на марскім узбярэжжы.
Аднак большасць беларусаў адрэагавала на аб’яву з гумарам. Вось некалькі самых вясёлых каментарыяў:
- «Па секундах здаеце?»
- «На 15 хвілін з зарплаты вазьму!»
- «А студэнтам можна?»
- «Прыемна, што я з’яўляюся мэтавай аўдыторыяй гэтага паста. Хоць на секунду адчула сябе багатай».
- «За такія грошы агляд кватэры павінен здымаць Спілберг».
- «Мабыць, лішні нулік».
- «Вы на клавіятуру селі?»
- «Напэўна, туды можна засяліцца разам з зубрам».
- «Тэрмінова шукаю 10—15 чалавек для сумеснага пражывання».