Беларусы скардзяцца, што любімыя сыркі з пандай ужо «не тыя». Ці змянілі рэцэпт пасля перадачы «Савушкаваму прадукту»?
Аматары полацкіх сыркоў з пандай «Мішу» скардзяцца ў сацсетках, што любімы прадукт іх расчароўвае. Найбольшы непакой выклікае шакаладная глазура, якая адным цяпер нагадвае пластылін, а іншым — сухую паліўку.
Фота: fabula.by
«Цяпер глазура падаецца такой жа сухой, як і ў іншых сыркоў у Беларусі. Я цудоўна памятаю гэты мяккі шакаладны слой, які не трэба разломваць зубамі пры надкусванні, а зараз менавіта так і адбываецца — яна хрумсціць. Гэта не тое», — скардзіцца адна з інтэрнэт-карыстальніц. З ёй салідарныя і некаторыя іншыя каментатары.
«Доўгі час куплялі толькі гэтыя сыркі. У апошняй дастаўцы яны нейкія іншыя — глазура адрозніваецца, не ў лепшы бок для мяне»;
«Сапсавалі такі добры прадукт. Глазура як пластылін стала. Не трэба змяняць склады», — пакідаюць водгукі кліенты анлайн-даставак розных крам.
Фота: threads.com
На Полацкім малочным камбінаце чытачцы «Нашай Нівы» пацвердзілі, што за рэцэптуру і вытворчасць сыркоў цяпер цалкам адказныя супрацоўнікі «Савушкава прадукта».
Але на апошнім зняпраўджваюць здагадкі наконт умяшання ў традыцыйны рэцэпт.
«Мы змянілі толькі ўпакоўку, рэцэптуру не мянялі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб захаваць першасны смак сырка і не згубіць армію яго прыхільнікаў. Ну і калі б мы мянялі рэцэптуру, то сырок знік бы з прылаўкаў на год-два. Гэта вельмі доўгі працэс — запатэнтаваць новы рэцэпт. Гэта працэдура звязаная і з Мінздароўем, і з іншымі інстанцыямі, яна прадугледжвае шмат бюракратычных этапаў».
На заводзе дадалі, што са зменаў можна адзначыць тое, што сыркі выпускаюцца на новым, больш сучасным абсталяванні. Але ўсе працэсы робяць разам з полацкімі калегамі, якія працягваюць працаваць на вытворчасці:
«Уcпрыманне смакаў — усё ж вельмі суб’ектыўная рэч. Ад аднаго і таго ж прадукту ў некалькіх чалавек будуць цалкам супрацьлеглыя ўражанні».