У Вялікабрытаніі аб'явілі галасаванне за жывёл на будучых банкнотах для фунтаў
У Вялікабрытаніі на новых банкнотах могуць з’явіцца выявы тупікоў, дэльфінаў, чмялёў і іншых прадстаўнікоў мясцовай фаўны. Банк Англіі апублікаваў кароткі спіс жывёл, з якіх грамадзяне змогуць выбраць будучыя сімвалы для банкнот наміналам 5, 10, 20 і 50 фунтаў, піша выданне The Guardian.
Сысуны з брытанскай фаўны, адабраныя ў спіс для галасавання
Рашэнне выклікала дыскусіі ў палітычных колах. Некаторыя крытыкі сцвярджалі, што новыя выявы заменяць вядомых гістарычных асобаў, такіх, напрыклад, як палітык Уінстан Чэрчыль, пісьменніца Джэйн Осцін і матэматык Алан Цьюрынг. Аднак у Банку Англіі падкрэсліваюць, што галоўная мэта абнаўлення — укараненне новых элементаў бяспекі для барацьбы з падробкамі.
Птушкі з брытанскай фаўны, адабраныя ў спіс для галасавання
У спіс для галасавання ўвайшлі толькі тыя віды жывёл, якія сустракаюцца ў Вялікабрытаніі. Сярод іх — дэльфіны-афаліны, рыжыя лісы, еўрапейскія вожыкі, тупікі, а таксама шэраг рэдкіх відаў, у тым ліку атлантычны ласось і некаторыя матылі.
Жывёлы падзеленыя на тры групы: сысуны, птушкі і іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету — рыбы, насякомыя і земнаводныя. Кожны ўдзельнік галасавання можа выбраць да двух варыянтаў у кожнай катэгорыі. Апытанне будзе доўжыцца да 3 ліпеня.
Рыбы, насякомыя і земнаводныя з брытанскай фаўны, адабраныя ў спіс для галасавання
У Банку Англіі адзначаюць, што дзікая прырода стала самай папулярнай тэмай падчас папярэдняга грамадскага абмеркавання. Пры гэтым канчатковы выбар будзе залежаць не толькі ад колькасці галасоў, але і ад таго, наколькі выразна будуць адрознівацца выявы на розных наміналах банкнот.
Чакаецца, што распрацоўка і тэставанне новых купюр зоймуць яшчэ некалькі гадоў, таму яны з’явяцца ў абарачэнні не адразу. У Банку Англіі лічаць, што новыя банкноты дапамогуць не толькі павысіць узровень абароны ад падробак, але і падкрэсліць багацце брытанскай прыроды.
Чытайце таксама:
Як выглядае новая банкнота 200 рублёў
Склалі рэйтынг самых прыгожых банкнот свету 2025 года
Іран выпусціў банкноту найбуйнейшага ў гісторыі краіны наміналу. Гэта ўсяго 7 даляраў па курсе
У Вялікабрытаніі збіраюцца размясціць на фунтах замест людзей жывёл