БЕЛ Ł РУС

У Мінску ёсць дзіўны пераход са святлафорам, які вядзе ў тупік. Чаму так?

4.06.2026 / 19:20

Nashaniva.com

У сеціве завірусілася фота невялікага пешаходнага перахода са святлафорам у сталічным жылым раёне Дамброўка. Што выклікала здзіўленне ў інтэрнэт-карыстальнікаў, даведалася агенцтва «Мінск-Навіны».

Фармальна ў пешаходным пераходзе на адным з бакоў скрыжавання вуліц Аладавых і Чычурына няма нічога незвычайнага: дарожная разметка і святлафор такія самыя, як і большасць іншых у Мінску.

Аднак само скрыжаванне ў гэтай частцы з’яўляецца тупіковым і падобнае на «кішэню» ці парковачнае месца. Прылады рэгулявання там выглядаюць сапраўды дзіўна.

У спецыялізаваным мантажна-эксплуатацыйным прадпрыемстве Мінгарвыканкама патлумачылі, што дарожны знак і разметка ўсталяваныя ў адпаведнасці з зацверджаным праектам арганізацыі дарожнага руху.

«Гэты ўчастак быў прадугледжаны ў 2013 годзе як пад’язная дарога да разумнага паркінга. Пасля рэалізацыя праекта спынілася — аб’ект знесены, а пад’езд да яго закрыты і абмежаваны бардзюрным каменем, — расказалі спецыялісты. — На сённяшні дзень там сфарміраваны тупіковы ўчастак дарогі, пры гэтым раней нанесеная разметка і ўсталяваныя дарожныя знакі захаваліся ў адпаведнасці з праектнымі рашэннямі».

У канцы мінулага года ў сеціве, дарэчы, з’явілася фатаграфія з падобным скрыжаваннем пры ўездзе ў Новую Баравую. У адрозненне ад гэтага скрыжавання, там дарога заканчваецца ўязной брамай прыватнага дома.

Чытайце таксама:

За МКАДам знайшлі катэдж, выезд з варот якога магчымы толькі па сігнале святлафора ФОТАФАКТ

У Мінску сталі пераносіць трамвайнае кальцо з ДС «Возера» бліжэй да цэнтра

На мінскіх святлафорах хутка з’явяцца QR-коды. Для чаго?

Каментары да артыкула