У цэнтры Гродна пабачылі лісу са здабычай у зубах ВІДЭА
У цэнтры Гродна заўважылі лісу, якая перабягала дарогу са здабычай у зубах. Відэа з рудой драпежніцай было знята непадалёк ад парку імя Жылібера, піша Newgrodno.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
На кадрах бачна, як жывёліна ўпэўнена перасякае ажыўленую вуліцу, не звяртаючы ўвагі на машыны і людзей. У пашчы ў лісы была здабыча, якая нагадвала дзікую качку. Аўтар відэа жартам пракаментаваў убачанае словамі: «Зноў нешта ўкрала».
Жыхары Гродна ўжо не раз сустракалі лісіц у межах горада. Гэтыя жывёлы даўно асвоілі не толькі лесапаркавыя зоны і ўскраіны, але і цэнтральныя раёны. Раней на вуліцы Каліноўскага таксама неаднаразова заўважалі лісу з курамі ў зубах. Невядома толькі, была яна тая самая ці розныя.
Спецыялісты нагадваюць, што лісіца застаецца дзікай жывёлінай, нават калі выглядае спакойнай і прызвычаенай да людзей. Яна можа быць пераносчыцай небяспечных захворванняў, у тым ліку шаленства. Таму пры сустрэчы з такой жывёлінай не варта спрабаваць яе карміць, гладзіць або набліжацца, каб не справакаваць агрэсію ці напад.
Чытайце таксама:
У Гродне заўважылі лісу з лісянятамі
Ліса ўпалявала качку ў Каложскім парку ў Гродне