БЕЛ Ł РУС

Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта быў КДБ

4.06.2026 / 22:19

Nashaniva.com

«Я не зліла ніводнага слова і ніводнага факту», — запэўнівае Харысава пасля таго, як ёй прысвяцілі выкрывальны сюжэт на беларускім тэлебачанні.

Аліна Харысава. Фота: «Белсат»

У эфіры сваёй праграмы «Без прыкрыцця» прапагандыст Раман Пратасевіч паказаў відэа, на якім палітолаг, экспертка Офіса Святланы Ціханоўскай і член Каардынацыйнай рады Аліна Харысава дае згоду на супрацоўніцтва са Службай бяспекі Украіны, а пасля прадэманстраваў вытрымкі з яе паведамленняў, перасыланых «куратарам».

Харысава адразу па гарачых слядах выклала ў фэйсбуку сваю версію таго, што адбылося:

«Мне напісалі «з СБУ» каля года таму, у той час на мяне аказваўся велізарны ціск з боку КДБ, маіх сваякоў затрымлівалі, а мне пагражалі і пастаянна тэлефанавалі. Паралельна ў мяне былі суіцыдальныя думкі, мне дыягнаставалі дэпрэсію сярэдняй цяжкасці, пасадзілі на таблеткі.

Прыкладна ў гэты ж час мяне збіла машына з п’яным кіроўцам… Ну, вы разумееце, які стан у мяне быў.

Я была ў вельмі ўразлівым становішчы, калі «прадстаўнік СБУ» на працягу некалькіх дзён угаворваў мяне пайсці з імі на кантакт, пераконваючы мяне, што гэта робіцца для таго, каб Украіна і беларускія дэмакратычныя сілы наладжвалі кантакт.

Праз гэтыя перакананні я выйшла на сувязь. Чалавек дзіўна паводзіў сябе. Я прасіла пра верыфікацыю: казала, што калі ён з СБУ, то верыфікацыю можна зрабіць ва Украіне. На што ён пагадзіўся, а я сказала, што да сустрэчы ва Украіне і ўбачанай ужывую корачкі я не магу гаварыць з ім пра сенсітыўныя тэмы.

Пазней з яго боку пачаліся пытанні пра офіс, пра Сяргея, пра пераезд. Я ніводнага разу не напісала нічога звыш таго, што ёсць у пабліку / што я агучвала на эфірах «Еўрарадыё». Калі я бачыла, што пытанні паступаюць па справах, якія ніяк не тычацца Украіны, я казала, што гэта ніяк не тычыцца Украіны.

У большасці момантаў я строіла з сябе дурнічку і ігнаравала паведамленні па некалькі сутак, таму што я зразумела, што сітуацыя вельмі дзіўная. Я выдаляла дыялог для двух бакоў, блакавала кантакт, але ён пісаў з новых, тэлефанаваў па шмат разоў на дзень (я ні разу не падняла слухаўку), пасля чаго забараніла тэлефанаваць не кантактам, але ён пісаў мне і пагражаў расправай.

На гэтым моманце мне канчаткова стала зразумела, з кім я маю справу, таму на непрачытаных пагрозах камунікацыя скончылася.

Я прызнаю, што зрабіла кепска, запісаўшы кружочак пра гатоўнасць супрацоўнічаць з СБУ, знаходзячыся ў тым стане. Але я не зліла ніводнага слова і ніводнага факту.

Прапаганда ўмее вельмі добра рабіць сюжэты з гаўна і палак. Дастаткова прыдумаць прыгожую апавядальную гісторыю і прыгожа інтрыгуюча агучыць яе.

Калі ў кагосьці засталіся да мяне пытанні ці лічыце патрэбным мяне на паліграф запрасіць — я адкрытая.

Upd: Я прыпыняю сваё супрацоўніцтва з любымі арганізацыямі і асабіста ініцыюю праверку ў свой бок. Бачу гэта адзіным спосабам даказаць вам, што тое, што я кажу — абсалютная праўда».

Чытайце таксама:

Латушка, Курэйчык, Пракопчык, Краўцоў. Поўны спіс тых, хто трапіў у Каардынацыйную раду

Аліна Харысава: Я гаварыла пра палітыку, але што больш за ўсё ўразіла некаторых мужчын? Правільна. Гольфы

Чаму «Наша Ніва» так часта піша пра Пратасевіча? Патлумачыла Роўда

Пратасевіч адказаў Статкевічу і НН: Маё сумленне чыстае. А пра трусы маёй абранніцы прачытаюць больш, чым пра ўсялякія Каардынацыйныя рады

Каментары да артыкула