Пашынян: Вырашым і выйдзем з АДКБ. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам
Прэм’ер-міністр Арменіі падчас перадвыбарчых дэбатаў заявіў пра магчымы выхад з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), піша news.am.
Нікол Пашынян. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Калі спатрэбіцца, выйдзем з АДКБ». Пра гэта падчас перадвыбарчых дэбатаў на Грамадскім тэлебачанні заявіў Нікол Пашынян, адказваючы на пытанне пляменніка лідара партыі «Моцная Арменія» Нарэка Карапецяна.
— Мы вырашым, замежныя агенты не будуць вырашаць, што рабіць. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам, — адзначыў Пашынян.
— Што значыць: замарозілі членства ў АДКБ? Не працуе — выходзьце, — дадаў Карапецян, заклікаючы спачатку стварыць гаранта паміж Арменіяй і Азербайджанам.
— Ну і выйдзем з АДКБ. Вы што, нас палохаеце? Ні вы, ні ваш дзядзька не вырашаеце. Вырашым і выйдзем. А гарантам з’яўляюцца Арменія, дзяржава, армія, — падкрэсліў Пашынян.
Раней Лукашэнка параіў жыхарам Арменіі быць асцярожнымі пры выбары паміж Расіяй і Еўропай — «каб не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне».
У нядзелю ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. Расія робіць стаўку на «Моцную Арменію» Самвела Карапецяна.