Трамп можа адмовіцца ад перадачы Германіі «Тамагаўкаў» з-за рэакцыі Пуціна
Адмена паставак ракет пакіне Германію без неабходных сродкаў абароны.
Фота: U.S. Navy via Getty Images)
Міністэрства абароны ЗША рыхтуецца адмяніць перадачу Германіі высокадакладных крылатых ракет вялікай дальнасці Tomahawk, паведамляе Politico са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Паводле іх слоў, у адміністрацыі Дональда Трампа баяцца, што Расія ўспрыме такі крок як эскалацыю і прыме меры ў адказ. Акрамя гэтага, амерыканскія чыноўнікі занепакоеныя вычарпаннем уласных арсеналаў зброі, бо ў першыя тыдні вайны з Іранам ЗША скарысталі «тысячы ракет» Tomahawk і Patriot.
Кіраўнік Пентагона Піт Хегсэт у маі заявіў Кангрэсу, што на аднаўленне запасаў спатрэбяцца «месяцы і гады».
Адмена паставак ракет пакіне Германію без неабходных сродкаў абароны, адзначылі крыніцы Politico. Пры гэтым рашэнне ЗША накладаецца на скарачэнне ваеннай прысутнасці ў Еўропе.
У прыватнасці, Вашынгтон мае намер вывеcці тысячы амерыканскіх вайскоўцаў з Германіі і ў цэлым скараціць колькасць сваіх знішчальнікаў, беспілотнікаў і марскіх падраздзяленняў у Еўропе.
У той жа час Расія ўжо даўно размясціла ракеты «Іскандэр», здольныя несці ядзерныя боегалоўкі, у Калінінградскай вобласці. Акрамя таго, расійскія вайскоўцы размясцілі ў Беларусі ракеты сярэдняй дальнасці «Арэшнік», якія патэнцыйна могуць паразіць любую кропку ў Еўропе, піша Moscow Times.