Трамп заявіў пра планы змяніць рэжым на Кубе пасля таго, як разбярэцца з Іранам
«У нас вельмі добрыя планы ў адносінах да Кубы», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Фота: Win McNamee/Getty Images
Вашынгтон мае намер дамагчыся змены палітычнага рэжыму на Кубе і будзе займацца гэтым пасля завяршэння вайны з Іранам, заявіў Дональд Трамп.
«У нас вельмі добрыя планы ў адносінах да Кубы. Я думаю, нам давядзецца пазбавіцца рэжыму, які быў вельмі жорсткім, вельмі непрыемным. Мы разбярэмся з Ісламскай Рэспублікай Іран, і як толькі гэта будзе зроблена, па дарозе назад мы на кароткі час спынімся, каб заняцца гэтым. Мы хочам ім дапамагчы», — сказаў кіраўнік Белага дома падчас размовы з журналістамі.
На фоне гэтых заяваў Мінфін ЗША абвясціў пра ўвядзенне новых санкцый супраць прадстаўнікоў кубінскага кіраўніцтва.
Пад абмежаванні трапілі прэзідэнт Кубы Мішэль Дыяс-Канель, члены яго сям’і, а таксама сын і ўнук былога кіраўніка Кубы Рауля Кастра — Алехандра Кастра Эспін і Рауль Алехандра Кастра Каліс.