БЕЛ Ł РУС

Чуткі пра адмову беларусаў ад хатніх гадаванцаў праз уведзены падатак не пацвердзіліся

5.06.2026 / 18:19

Станіслаў Покуць

Інфармацыя пра тое, што мінская «Фаўна горада» нібыта перапоўненая з-за ўвядзення падатку на хатніх жывёл, аказалася толькі чуткамі. Дырэктарка прадпрыемства Настасся Вараб’ёва паведаміла агенцтву «Мінск-Навіны», што вальеры цяпер запоўненыя толькі на 61 працэнт. З 240 месцаў занятыя 147, прычым катоў і сабак там прыкладна пароўну. Па яе словах, менавіта з-за падатку ніводнага гадаванца сюды не прыносілі.

Самымі частымі прычынамі, чаму жывёлы аказваюцца ў пункце прыёму, застаюцца алергія ў членаў сям'і або смерць уладальніка, калі ягоныя сваякі не могуць забраць гадаванца сабе. Таксама частку жывёл проста адлоўліваюць на вуліцах горада.

Умовы ўтрымання тут добрыя: вальеры прыбіраюць кожны дзень да поўдня, тады ж жывёл кормяць. Сабак, якія да гэтага прывучаныя, двойчы на дзень выгульваюць ва ўнутраным дворыку.

Пры паступленні кожнага хвастатага аглядае ветэрынар і абавязкова робіць прышчэпку ад шаленства. Потым інфармацыю пра іх размяшчаюць на сайце і ў сацсетках, каб знайсці новых гаспадароў. Калі сабака відавочна хатні, праз міліцыю спрабуюць шукаць старога гаспадара, але той не заўсёды хоча забіраць жывёліну назад.

Перад тым як аддаць гадаванца ў новую сям'ю, супрацоўнікі праводзяць сур’ёзнае сумоўе. Яны правяраюць умовы пражывання і тлумачаць, што ўтрыманне патрабуе фінансавых выдаткаў, адказнасці і часу на выгул. Напрыклад, жыццё ў інтэрнаце ці на здымнай кватэры часта становіцца прычынай, чаму жывёл потым вяртаюць назад.

«Фаўне горада» актыўна дапамагаюць валанцёры, якія шукаюць для жывёл дом і дапамагаюць з лячэннем. Фінансавую дапамогу ад грамадзян пункт пакуль не прымае, але ў будучыні плануюць адкрыць дабрачынны рахунак.

Пакуль жа найлепшая падтрымка — гэта распаўсюд інфармацыі ў інтэрнэце або рашэнне забраць ката ці сабаку да сябе. Так, падчас візіту журналістаў адна мінская сям'я выбрала і забрала да сябе ў загарадны дом чорнае шчаня.

Чытайце таксама:

Каб не плаціць падатак на сабак, мінчукі пачалі здаваць іх у пункты адлову

Як зарэгістраваць ката ў Беларусі: пакрокавая інструкцыя

Ва Уздзенскім раёне мужчына прывязаў сабаку ў лесе і пакінуў яго там на 10 дзён

У Гродне сабак везлі ў адкрытым багажніку, адзін з іх выпаў падчас руху ВІДЭА

Каментары да артыкула