БЕЛ Ł РУС

Маладую бухгалтарку з Калінкавічаў асудзілі за Гаюна

7.06.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Таццяна Лаўніковіч працавала бухгалтаркай у дзяржаўнай установе і выхоўвала дзіця. Нядаўна яе асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Таццяна Лаўніковіч. Фота з яе старонкі ў Linkedin

Таццяне Лаўніковіч 36 гадоў. У 2012 годзе яна скончыла Палескі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт». З 2013 года працавала бухгалтаркай налічэння заробкаў спачатку ў доследным рыбгасе «Белае», а пасля на працягу сямі гадоў у кампаніі «Ваш Прадмаркет».

Апошнім месцам працы Таццяны значыцца Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Калінкавіцкага раёна, дзе яна была бухгалтаркай.

Жанчына гадуе непаўналетняе дзіця.

Гомельскі абласны суд вынес Таццяне прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Звычайна па гэтым артыкуле ў Беларусі судзяць па справе Гаюна.

Лаўніковіч прызначылі хатнюю хімію.

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выцягнуць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта. 

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

Чытайце таксама:

Сям’ю з Мінска будуць судзіць за здраду дзяржаве і кантрабанду зброі. Іх, падобна, затрымалі на мяжы — вось што вядома

Былога кіраўніка Беларускага цэнтра акрэдытацыі асудзілі па справе Гаюна

Салігорац, які раней адбыў суткі за «Пагоню» і страціў працу, цяпер за кратамі за «Гаюна» і абразу службовай асобы

Каментары да артыкула