БЕЛ Ł РУС

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю

5.06.2026 / 21:55

Nashaniva.com

У Беларусі археолагі знайшлі незвычайны крэмневы артэфакт эпохі неаліту, які, магчыма, з'яўляецца старажытнай антрапаморфнай фігуркай чалавека, піша Times.by.

Фота: архіў Аляксандра Коласава

Адкрыццё зрабілі студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, калі вывучалі калекцыю артэфактаў гісторыка Вячаслава Капыціна. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягнуў камень незвычайнай формы, знойдзены раней на стаянцы Даўжанка-2 на правым беразе ракі Друць.

Кіраўнік Цэнтра першабытнай археалогіі Аляксандр Коласаў прыйшоў да высновы, што гэта не проста прылада працы, як меркавалася раней, а спецыяльна апрацаваная фігурка чалавека, вырабленая з шэрага крэйдавага крэменю ў V—III тысячагоддзях да нашай эры.

Фота: архіў Аляксандра Коласава

На артэфакце можна разгледзець элементы, якія нагадваюць галаву, тулава, рукі і ногі. Даследчык адзначае, што ў неаліце многія прадметы маглі адначасова выконваць практычныя і рытуальныя функцыі.

Зараз знаходка знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, дзе спецыялісты правядуць дадатковыя даследаванні. Яны павінны дапамагчы вызначыць сапраўднае прызначэнне артэфакта і спосаб яго выкарыстання.

Калі навукоўцы пацвердзяць, што гэта сапраўды антрапаморфная фігурка, то яна стане першай падобнай знаходкай на тэрыторыі беларускага Падняпроўя. Па словах Аляксандра Коласава, падобныя выявы чалавека ўжо вядомыя ў матэрыялах неалітычнай эпохі лясной зоны Усходняй Еўропы.

Чытайце таксама:

Археолагі завяршылі сёлетнія раскопкі на Менцы. Што знайшлі?

Пад Мінскам археолагі знайшлі берасцяны посуд XI стагоддзя

Даследчыкі дзесяцігоддзямі памыляліся наконт касцёла ў Будславе. Археалагічныя знаходкі абверглі старыя тэорыі

Каментары да артыкула